Ціха-ціха, глуха-глуха ўсё, а такі растуць чаканьні пераменаў. «Саюзьнік, горшы за ворага». Выцек інфармацыі пра байкот беларускіх тавараў расейскімі дзяржаўнымі падрадчыкамі пацьвярджае, што Расея маніцца ўзімку ўзяць Беларусь за жабры. Гэта азначае фактычны правал ранейшага замежнапалітычнага курсу краіны. Адначасовы эканамічны ціск на розных кірунках можа прывесьці да пагаршэньня сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў Беларусі і росту пратэставых настрояў. У такім разе восеньскае ўзмацненьне рэпрэсій супраць апазыцыі можна патлумачыць жаданьнем запалохаць патэнцыйных лідэраў, здольных узначаліць пратэсты. Гутарка з Паўлам Красоўскім па выхадзе з турмы.
Пратэстанты з поўнаэвангельскай царквы «Новае жыцьцё» абвяргаюць стэрэатып, што, маўляў, найлепш ляжаць, не варушыцца і не высоўвацца. Яны пайшлі на прынцып, і зь імі ня ведаюць, што рабіць.
З сэнсацыйным дакладам выступіў намесьнік старшыні БСДП(Г) Уладзімер Нісьцюк на сэмінары Парлямэнцкай асамблеі NАТО. Ён прапяяў хвалу Лукашэнку і прапанаваў Захаду плян вываду Беларусі з дыпляматычнай блякады. Нісьцюк хоча стаць Гайдукевічам? Ці гэта лукашэнкаўцы падаюць сыгнал Захаду? Віленская прамова Нісьцюка і камэнтары аўтара да яе.
«Час зьмяняе людзей. Рамантыкі становяцца прагматыкамі, баязьліўцы – героямі, сьляпыя становяцца відушчымі. Улюбёныя вучні могуць неаднойчы здрадзіць, а потым даць грунт іншым для выратаваньня душы. Пасьля іх апраўдваюць у апокрыфах. Такое бывае ня толькі ў Эвангельльлі, але і ў жыцьці. Дзе мяжа маральнай прыстойнасьці?» Пра гэта ў эсэ «Кожнаму свая цыбуліна» нагадвае Пётра Садоўскі.
І яшчэ пра перамены. Граждан і Сабака вярнуліся ў «Нашу Ніву».