Некаторыя прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта Беларусі за чатыры дні збору подпісаў пераадолелі дзесяцітысячны бар’ер.

У прыватнасці, як паведаміла прэс-сакратар лідара грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева Юлія Рымашэўская, за чатыры дні ў падтрымку вылучэння Някляева кандыдатам у прэзідэнты сабрана 15.714 подпісаў.

У падтрымку намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянкай партыі Яраслава Раманчука па стане на вечар 2 кастрычніка падпісаліся прыкладна 12 тысяч чалавек, з іх 8 тысяч — у Мінску, паведаміла прэс-сакратар палітыка Гана Красуліна. «Пакуль мы падлічваем подпісы, сабраныя ў асноўным на пікетах. Мы вырашылі не траціць на гэта кожны дзень і весці падлік раз у тры дні, так што наступная інфармацыя аб колькасці сабраных подпісаў з’явіцца вечарам 5 кастрычніка», — сказала прэс-сакратар.

Паводле слоў Паўла Севярынца, кіраўніка выбарчай кампаніі сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталя Рымашэўскага, на вечар 3 кастрычніка было сабрана 12.170 подпісаў. Асноўная колькасць подпісаў, каля 10 тысяч, была сабрана ў рэгіёнах. «У Бабруйску, на радзіме Рымашэўскага, за яго падпісаліся 2,5 тысячы чалавек, у Брэсце — тысяча, па 600–800 подпісаў- у Гомелі, Віцебску, Калінкавічах. Толькі 3 кастрычніка мы сабралі каля 4 тысяч подпісаў, выйшлі на планавы штодзённы збор і ўпэўнены, што збяром каля 110 тысяч подпісаў», — сказаў Севярынец.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч паведаміў, што за чатыры дні ў падтрымку партыйнага кандыдата Рыгора Кастусёва сабрана прыкладна 13.500 подпісаў. «Гэта асноўная лічба, паколькі мы пакуль не здолелі звязацца з ініцыятыўнымі групамі ў некаторых дробных гарадах», — зазначыў палітык.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў паведаміў, што дакладная колькасць пададзеных у яго падтрымку подпісаў дагэтуль невядомая.

«Іх так шмат, што мы проста не паспяваем іх лічыць», — патлумачыў Саннікаў.

Кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч таксама пакуль не можа назваць колькасць сабраных у яго падтрымку подпісаў. «Нашы актывісты пачалі збор подпісаў толькі ўчора, таму казаць пра нейкія вынікі пакуль рана. Але ў мяне няма ніякіх сумненняў, што 100 тысяч мы набярэм», — заявіў Гайдукевіч.

.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?