Акцыя абароны касцёла Святога Язэпа працягваецца ўжо 18-ты дзень. Штовечары, а 19 гадзіне сябры БХД, Маладога Фронту, моладзі БНФ, іншых дэмакратычных арганізацый збіраюцца каля касцёла, патрабуючы перадачы кляштара бернардынаў і касцёла вернікам.

Удзельнікі акцыі сабралі шэсць з паловай тысяч подпісаў у абарону касцёла і кляштара, склалі больш за дзесяць зваротаў у дзяржаўныя ўстановы з патрабаваннем аддаць святыню вернікам, правялі круглы стол з удзелам прадстаўнікоў Касцёлу.

Нягледзячы на затрыманні ў першыя дні, людзі ўсё роўна збіраліся каля касцёла, і ўлады ўрэшце мусілі прымірыцца з бестэрміновай штодзённай акцыяй. Перад абаронцамі ўжо выступілі кандыдаты ў прэзідэнты Віталь Рымашэўскі, Рыгор Костусеў, Алесь Міхалевіч і Мікалай Статкевіч, моладзевыя лідары Зміцер Дашкевіч, Франак Вячорка, Андрэй Кім, Мікола Дземідзенка, Наста Палажанка, вядомыя барды Андрэй Мельнікаў, Таццяна Беланогая, Зміцер Бартосік, паэтка Валярына Кустава.

У аўторак, 5 кастрычніка, а 19 гадзіне перад абаронцамі касцёла выступіць Уладзімір Арлоў, а ў сераду — беларускамоўны рэпер Vincent.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?