Брэд Фітцпатрык (Brad Fitzpatrick), заставальнік найпапулярнейшага блоґерскага сэрвісу інтэрнэт-дзёньнікаў LiveJournal («Жывы Часапіс») прыехаў у Маскву.

Візыт Брэта Фітцпатрыка зьвязаны з гучнай угодай. Расейская анлайн-мэдыякампанія «Суп» заключыла «пагадненьне пра партнэрства для разьвіцьця супольнасьці LiveJournal» з уладальнікам рэсурсу– амэрыканскай кампаніяй Six Apart. Пагадненьне датычыць часткі Livejournal, якая карыстаецца кірылічнымі шрыфтамі.

Згодна зь неафіцыйнай інфармацыяй, кампанія «Суп» атрымлівае ліцэнзію на абслугоўваньне кірылічных карыстальнікаў. Кампанія «Суп», як паведамляе Cnews, належыць амэрыканскаму прадпрымальніку Эндру Полсану, які жыве ў Расеі, і расейскаму бізнэсоўцу Аляксандру Мамуту. Эндру Полсан зьяўляецца таксама прэзыдэнтам і генэральным дырэктарам кампаніі «Суп».

Інтэрнэт-супольнасьць актыўна абмяркоўвае пытаньне пра тое, ці ня трапяць карыстальнікі «Жывога часапісу» ў выніку гэтага пагадненьня між Six Apart і «Суп» пад нябачны кантроль, і ці ня будуць іх уліковыя запісы заблякаваныя ў выпадку «нядобранадзейнасьці».

Мы зьвярнуліся па тлумачэньні да дырэктара па маркецінгу кампаніі «Суп» Івана Засурскага. Ён гэтак пракамэнтаваў заключанае пагадненьне:

— Найбліжэйшым часам нічога ня зьменіцца. Мне спадабалася, як пра гэта сказаў Антон Носік: ніхто ня ведае, што LiveJournal належыць кампаніі Six Apart, ніхто і не даведваецца пра гэта, пакуль людзі ня просяць ад Six Apart нейкай дапамогі ці садзейнічаньня. І мы ў «Супе» маем намер паводзіць сябе гэтаксама. Мы хочам быць празрыстымі, каб нас не было бачна, каб мы маглі аказваць нейкія паслугі і каб мы маглі рабіць нешта для людзей, але пры гэтым каб мы не паказвалі сябе. Калі вас цікавіць, ці будзем мы адціраць палітычных іншадумцаў, не, мы ня будзем.

— Ці будзе ў кампаніі «Суп» тэхнічная магчымасьць заблякаваць уліковы запіс, альбо гэтая функцыя застаецца ў кампаніі Six Apart?

— Я разумею, што Радыё Свабода цікавіцца найперш пытаньнем захаваньня свабоды слова ў Расеі. LiveJournal – гэта кам’юніці, у якім свабода слова захоўваецца.

— Карыстальнікі LiveJournal хацелі б верыць у вашыя добрыя намеры, але іх усё-такі цікавіць, ці існуе такая тэхнічная магчымасьць у кампаніі «Суп»?

— Вы проста не разумееце, навошта мы купілі LiveJournal. Мы купілі LiveJournal не для таго, каб набыць гэтую магчымасьць, таму нас у апошнюю чаргу гэта цікавіць, паверце. Заўсёды, калі адбываюцца перамены, карыстальнікі ставяцца зь некаторым недаверам да людзей, якія адмініструюць сэрвіс. Але празь месяц, празь нейкі час гэты недавер зьнікае. Што б мы ні казалі зараз, усё роўна ёсьць людзі, якія ў гэтым усумняцца, таму справы заўсёды гавораць грамчэй ад словаў. У вас будзе час праверыць нашыя намеры, і ў вашых слухачоў тым болей.

— Дапусьцім такую гіпатэтычную сытуацыю. Куды павінны зьвяртацца расейскія спэцслужбы, каб заблякаваць уліковы запіс?

— У Каліфорнію. Калі яны зьвернуцца да нас, мы перадамо запыт у Каліфорнію. Можам перакласьці нават, калі будзе складаны запыт.

— На што кампанія «Суп» упаўнаважаная амэрыканскай кампаніяй Six Apart?

— Мы вядзем бізнэс у Расеі.

— Што выйграюць карыстальнікі ад гэтага пагадненьня?

— Мы зробім так, што людзі ў Расеі змогуць разьмяшчаць у блоґах ня толькі свае здымкі, але і відэа, і мы зробім так, што людзі атрымаюць інтэграцыю з мабільнымі тэлефонамі, і шмат розных іншых рэчаў. Мы зробім так, што ў Расеі LiveJournal будзе перадавым, у тым ліку тэхналягічна, праектам, які давацьме максымальныя магчымасьці людзям, якія вырашаць ім карыстацца. І мы ня будзем рабіць нічога, што будзе змушаць людзей быць асьцярожнымі ці не давяраць нам. Гэта нашая палітыка.

— А вы гатовыя тыя пункты пагадненьня, якія ня ёсьць камэрцыйнай таямніцай, проста каб супакоіць карыстальнікаў LiveJournal, апублікаваць у інтэрнэце?

— А нам пакуль няма чаго сказаць. Пакуль нічога не памянялася. Калі ў вас былі якія-небудзь праблемы з тым, як LiveJournal сябе паводзіў у той час, калі ён належаў кампаніі Six Apart, і вы хочаце, каб зараз, калі мы вядзем ад імя Six Apart бізнэс у Расеі, каб мы штосьці памянялі, вы можаце прасіць нас пра гэта, але мы самі па сабе асабліва мяняць-та ня хочам. Гэта ня нашая задача.

— Але вы разумееце, адкуль бяруцца страхі? У Расеі зьяўляюцца сур’ёзныя абмежаваньні свабоды слова.

— У інтэрнэце свабоду слова яшчэ ніхто не адмяняў, ні ў LiveJournal, ні ў іншых сеціўных выданьнях. Гэта асаблівасьць таго, як разьвіваецца Расея. Так, мы ў курсе таго, што ў расейскай мэдыя-прасторы адбываюцца пэўныя перамены. Яны адбываюцца даўно. Адбываецца канцэнтрацыя мэдыя-актываў, у тым ліку адбываецца канцэнтрацыя мэдыя-актываў у руках паўдзяржаўных і дзяржаўных кампаній. Але гэта тое, што адбываецца ў афлайнавых мэдыях. Калі мы гаворым пра анлайнавыя мэдыі, пакуль што няма ніводнага факту, які б пацьвердзіў якія-кольвек новыя павевы. Дачакаймася хаця б, каб хто-небудзь пачаў прэтэндаваць на гэта, перш як мы пачнем пра гэта непакоіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?