І сказаў Бог беларусу... (1)

1. І сказаў Бог беларусу: Я стварыў цябе паводле вобразу і падабенства Майго, удыхнуў у цябе дыханьне жыцьця і зрабіў цябе душою жывою.

2. Я даў табе розум, і волю, і працавітасьць, каб ты карыстаўся імі дзеля дабра бліжніх сваіх.

3. Прыглядайся да навакольля. Бач, як стварэньні Мае множацца паводле роду іхняга: усякае быльлё, кустоўе, дрэвы, усякая рыба, жывёла й птушка крылатая, і плямёны людзкія – усё працягваецца паводле роду іхняга.

4. У разнастайнасьці прыроды – Мая сутнасьць. Будзь верны ёй, стварай паводле роду свайго і будзеш дабраславёны за гэта.

5. Я ўдыхнуў у цябе здольнасьць называць рэчы й зьявы сваімі імёнамі, каб захоўвалася повязь паміж табой і тваімі нашчадкамі.

6. Нашчадкі будуць тваім замагільным жыцьцём, будуць перахоўваць тваю вечнасьць.

7. Рух і тварэньне – існасьць усяго жывога. У руху і тварэньні ты будзеш апраўдваць сваё існаваньне, свой боскі пачатак.

8. Я даў табе жанчыну як спадарожніцу на тваім зямным шляху.

9. Вы й дзеці вашы будзеце працягваць Маю працу – тварыць паводле вобразу і падабенства вашага. І зямля ваша будзе ў дастатку.

10. Тое, што вы створыце, будзе вашым Эдэмам, у якім Я пастаўлю дрэва жыцьця, каб квітнеў і ня зьвёўся род ваш.

11. Закладаю ў вас энэргію і творчы талент, каб вы ўзбагачалі Маё тварэньне. Вы будзеце ўнікальныя ў Маім шматстайным сьвеце і будзеце адказныя за захаваньне шматстайнасьці.

12. Узнагародай вам за вернасьць Маім запаветам будзе радасьць творчай працы і быцьцё працягам Мяне Самога.

Вычытана зь Бібліі ў верасьні лета Божага 2006

І сказаў Бог беларусу... (2)

Да 100-годзьдзя «Нашай Нівы»

1. І сказаў Бог беларусу: дзьве рэальнасьці пакладзены ў аснову Майго сьвету – чалавек і народ. Імі вымяраецца Мой лад на зямлі.

2. На шырокіх прасторах Майго валадарства Я стварыў мноства языкоў, і ніводзін зь іх ня лішні.

3. Гукі розных моваў мілыя Мне. Яны зьмяшчаюць у сабе сутнасьць Майго творчага акту, існасьць Мае творчае Свабоды.

4. Мова твая – паказальнік Мае прыхільнасьці да цябе. Шануй яе, як Мой сьвяты дар табе.

5. У мове тваёй закладзены гукі і хварбы зямлі, на якой ты жывеш. Мова твая – голас Мае прыроды.

6. Мовай сваёю ты будзеш услаўляць Мяне, каб прымальнай была твая ўдзячнасьць Мне.

7. У аснову запавету пра шанаваньне прародзічаў Я паклаў перахоў¬ваньне мовы продкаў, каб душы іхнія маглі спачываць спакойна.

8. Праз мову ты будзеш трымаць лучнасьць з прашчурамі да саракавога калена і глыбей у вякі. У мове – твая і тваіх нашчадкаў вечнасьць. Памятай пра гэта, узгадоўваючы дзяцей сваіх.

9. У цябе будуць цэлыя пакаленьні тварцоў мовы, ахоўнікаў Маёй духовасьці. Гукамі мовы ты перадасі самыя глыбінныя пачуцьці свае несьмяротнае душы, самыя высокія ўзьлёты творчае думкі.

10. Па мове тваёй будуць пазнаваць цябе іншыя народы.

11. Творчасьць словамі, якія Я даю табе на зямны шлях, будзе сьведчаньнем твае вернасьці Мне. За гэта Я ўзнагароджу цябе квітненьнем культуры і духовай сілаю ды павагай сярод усіх языкоў Маіх.

12. Як прадаўжальніку вечнасьці аднаго з Маіх народаў Я закладаю ў тваю душу адчуваньне волі, каб ты ніколі не забываўся, што мова – Свабоды аснова.

Вычытана зь Бібліі ў кастрычніку лета Божага 2006

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0