Сотні гасцей запрошаны на ўрачыстую імшу з нагоды 300-годдзя асвячэння Мінскага архікафедральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі. Мерапрыемства пачнецца 9 кастрычніка ў 12.00,

паведаміў 6 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Паводле яго слоў, сярод запрошаных — прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх структур, дыпламаты, іерархі і ксяндзы Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі, мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, а таксама пасланнік папы рымскага Бенедыкта XVI кардынал Ёжэф Томка — былы прэфект ватыканскай Кангрэгацыі евангелізацыі народаў, які будзе прамаўляць казань па-беларуску. «Гэта знак павагі да Беларусі і нацыянальнай культуры, салідарнасці з беларускімі каталікамі і паўсюднасці касцёла», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Паводле яго слоў, кардынал Томка, які прыбудзе ў Беларусь вечарам 7 кастрычніка, мяркуе сустрэцца з мітрапалітам Філарэтам і прадстаўнікамі ўлады, а 10 кастрычніка плануе ўзначаліць імшу ў Маладзечанскім касцёле Святога Юзафа (Мінская вобласць), дзе таксама прамовіць казань па-беларуску.

Урачыстасць пад дэвізам Gaudium et spes («Радасць і надзея») будзе мець душпастырскі характар і праводзіцца на лацінскай і беларускай мовах.

Святкаванню папярэднічае спецыяльная дзевяцідзённая малітва (навэнна) ва ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У архікафедральным касцёле навэнна ўключае ружанцовую малітву, святыя імшы і штодзённае чытанне рэфератаў на розныя тэмы, у тым ліку гістарычныя. Для выступлення з рэфератамі запрошаны і прадстаўнікі праваслаўнай царквы.

***

Мінскі архікафедральны касцёл заснаваны езуітамi 31 лiпеня 1700 года. 16 сакавіка 1710 года храм асвяціў бiскуп Вiленскi Канстанты Казімір Бжастоўскі. 28 красавіка 1798 года святыні была нададзена годнасць кафедральнага касцёла. З красавіка 1905 года пэўны час пробашчам касцёла быў беларускі ксёндз Зыгмунт Лазінскi. У пасляваенныя часы храм быў адабраны ў вернікаў i перададзены пад Дом фізкультуры. У 1951 годзе святыня была цалкам спустошана i перабудавана. 9 снежня 1993 года пастановай беларускага урада будынак быў вернуты каталікам. Вялікі ўнёсак ў рэстаўрацыю касцёла зрабіў кардынал Казімір Свёнтак. 21 кастрычніка 1997 года адбылося паўторнае ўрачыстае асвячэнне храма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?