Гаворыць спецназавец Новічак: «Нам гэта тлумачылася як выкананне спецаперацыі». У серыі, якая называецца «Апошняя восень».

У Інтэрнэце з’явілася чацвертая частка знятага НТВ фільма цыкла «Надзвычайныя здарэнні. Расследаванні» «Хросны бацька — 4». На канале НТВ (цераз спадарожнік) ён быў паказаны а 19:30.

Фільм «Апошняя восень» прыадгортвае адну з самых сакрэтных старонак эпохі Лукашэнкі — дзейнасць так званых «эскадронаў смерці». Гэтае таямнічае падраздзяленне, паводле розных сведчанняў, займалася нейтралізацыяй крымінальнікаў, але таксама палітычных праціўнікаў. Аўтарам «Хроснага Бацькі» ўдалося схіліць да гутаркі аднаго з «адстаўных» байцоў, Дзмітрыя Новічака. Ён не хавае твару ад камеры.

«Так, я ведаў, што да ўсіх гэтых злачынстваў мае дачыненне падраздзяленне СОБР. Усё гэта было насамрэч, але нам гэта падавалася зусім пад іншым соусам. То бок не так, як падае апазіцыя — бандытызм, злачынствы супраць людзей, супраць чалавека — нам гэта тлумачылася як выкананне спецаперацый, і мы, маўляў, дзейнічаем на карысць прэзідэнта, на карысць сваёй краіны. Зыходзячы з гэтага ўсё рабілася».

Новічак расказвае пра справу, пра якую раней грамадскасць не ведала. Аказваецца, намеснік Паўлічэнкі па спартовай падрыхтоўцы, непасрэдны начальніка Новічака, Васільеў быў асуджаны за забойства жанчыны ў Мар’інай Горцы. Дзе ён адбывае пакаранне, невядома. Але, па меркаванні Новічака, менавіта на Васільева нехта думаў “павесіць” і гучныя забойствы.

Так званы «расстрэльны пісталет» знаходзіўся пад кантролем былога начальніка менскай калоніі № 1 Алега Алкаева. Двойчы яго браў камандзір Дзмітрыя Новічака, кіраўнік асаблівага спецпадраздзялення МУС Дзмітрый Паўлічэнка. Алкаеў пацвярджае, што даты цалкам накладаюцца на час знікненняў Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, а таксама Юрыя Захаранкі. Паводле Алкаева, ідэнтыфікаваць датычнасць Паўлічэнкі да злачынстваў досыць проста, паколькі ёсць істотныя доказы — расстрэльныя гільза і куля:

«Так, гільза і куля, якія я захоўваю, — з майго пісталета, гэта ўсё сапраўднае, сумясціць іх з падзеямі таго часу нескладана».

На тле падазроных знікненняў фільм разглядае і абставіны загадкавай смерці заснавальніка сайта «Хартыя-97» Алега Бябеніна.

Яшчэ адна з тэмаў фільма, на якую ў Беларусі ўжо шмат хто забыўся, а іншыя нават і не ведалі, — як дэпутацкі мандат уратаваў Лукашэнку ад турмы. Пра яе згадвае былы міністр сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, які тады быў кіраўніком абласной арганізацыі КПБ у Магілёве.

Значная ўвага ў «Апошеяй восені» аддадзеная кантактам Лукашэнкі з апальным расейскім алігархам Барысом Беразоўскім. Амерыканскі адвакат Эмануіл Зэльцэр, асуджаны беларускім судом нібыта за камерцыйны шпіянаж і карыстанне падробленымі дакументамі, наўпрост сцвярджае: Беразоўскі быў у Мінску на судзе. Ён сцвярджае і болей за тое...

Калі папярэднія фільмы апавядалі факты, даўно знаёмыя паінфармаванай беларускай публіцы, то ў чацвёртай частцы прагучалі абсалютна новыя сведчанні. Часам рабілася вусцішна.

Можна толькі здагадвацца, што прагучыць у наступных серыях. Што яны будуць, сумневаў няма. Пытаннем застаецца толькі тое, наколькі яны паўплываюць на беларускіх грамадзянаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?