Сямашка: «У бліжэйшыя два гады праз Клайпедзкі порт мы транспартуем ня менш чым 2,5 млн тонаў нафты».

Беларусь і Літва дамовіліся пра транзыт вэнэсуэльскай нафты праз Клайпедзкі марскі порт. Пра гэта журналістам заявіў генэральны дырэктар Klaipedos nafta Рокас Масюліс.

Двухбаковая рабочая група ў Клайпедзе прыйшла да згоды адносна ўмоваў транзыту нафты. Пры гэтым, адзначыў Масюліс, дамова павінна быць падпісаная на працягу кастрычніка.

Літва, па яго словах, зацікаўлена ў як мага больш доўгатэрміновым супрацоўніцтве, у той час як Беларусі хацелася б заключыць дамову на кароткі час. Масюліс ня ўпэўнены, што дамова ўступіць у сілу ўжо сёлета.

Першы намесьнік прэм'ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў Літоўскаму тэлебачаньні: "Да канца кастрычніка нашы гаспадарчыя суб'екты і Літоўская чыгунка падпішуць канкрэтныя дамовы, па якім са сьнежня ў бліжэйшыя два гады мы транспартуем ня менш чым 2,5 млн. тонаў нафты праз Клайпедзкі порт па чыгунках Літвы і Беларусі на нашы нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы".

БелаПАН нагадвае, што прыблізна месяц таму ў Klaipedos nafta перагрузілі танкер, які даставіў з Вэнэсуэлы 80 тысячаў тонаў нафты для Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?