Пяць год назад гэта ўжо было — у Магілёў наведваліся Уладзімер Арлоў і Сьвятлана Алексіевіч. Гэтым разам, 26 студзеня, замест трох заплянаваных сустрэч адбылася адна. Паколькі ні сп.Уладзімер, ні спн.Сьвятлана не ўступілі ў «Союз писателей Беларуси», ім забаранілі сустрэчы ў ліцэі і гімназіі.

Дзьверы дзяржустаноў для пісьменьнікаў і паэтаў, «непрызнаных» сп.Чаргінцом, сёньня таксама закрытыя. Наступным крокам, напэўна, будзе выдача ліцэнзій на літаратурную творчасьць. Размова пісьменьнікаў з чытачамі адбылася на сядзібе ГА «Кола Сяброў». Рэй у гэты раз вяла С.Алексіевіч.

Праводзячы большасьць часу за мяжой, яна спрабуе асэнсаваць беларускія рэаліі ды постсавецкія комплексы з вышыні эўрапейскай цывілізацыі. Ня думаю, што на Захадзе для гэтага ёсьць гатовыя інтэлектуальныя «інструмэнты», бо патлумачыць, а тым больш зразумець тутэйшыя фэномэны лягчэй з дапамогай мясцовых жа культурна-гістарычных вынаходзтваў. Да таго ж, як мне здалося, для спн.Сьвятланы, пісьменьніцы, сёньня цікавейшыя праблемы і парадоксы Захаду, чым злыбеды беларушчыны — нацыянальная самаідэнтыфікацыя, палітычны аўтарытарызм, сацыяльна-эканамічная мадэрнізацыя ды іншыя эўрапейскія «задачкі» канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя. Гэта, напэўна, ёсьць прыкметай сапраўднага творцы — не таптацца па чужых сьлядох і не дагаджаць «шырокім масам», а церабіць сваю дарогу, уздымацца ў новыя сфэры мысьлярства і духу.

Сп.Арлоў больш традыцыйны і больш блізкі для беларускай публікі. Ён прэзэнтаваў выданьне новых і перавыданьне старых твораў, а ў размове спрабаваў акцэнтаваць увагу на станоўчых момантах нашага жыцьця, паступовым сталеньні грамадзянскай супольнасьці. Трэба сказаць, што ў часе сустрэчы ўвесь час лунаў дух блізкіх выбараў. Алексіевіч не хавала пэсымізму, Арлоў быў больш асьцярожны, сталая частка аўдыторыі ня мела вялікіх ілюзій пра зыход кампаніі... Аднак узьнікалі часам і выспачкі спадзяваньняў на «беларускі цуд — 2006», што генэраваліся моладзьдзю. Агульны настрой выказаў адзін з выступоўцаў: «Цуды бываюць, але я ў іх ня веру».

Вось такі кактэйль — нявер’е ў перамены, парадаксальнае чаканьне «цуду», рэдкія зьнічкі надзеі і аптымізму на тле сацыяльнай апатыі — панаваў на сустрэчы магілёўцаў зь пісьменьніцкім тандэмам А+А.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?