Піша Джэрэмі Браўн — намеснік міністра замежных справаў Вялікабрытаніі.

У сёмы Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання моцна турбуе тое, што мы па-ранейшаму назіраем, як смяротнае пакаранне ўжываецца ва ўсім свеце. У справаздачы Amnesty паведамляецца, што ў 2009 годзе ў 18 краінах дзейнічала смяротнае пакаранне, агулам 714 чалавек пакараныя на працягу года, і гэта нават без дадзеных з Кітая, дзе такія звесткі з’яўляюцца дзяржаўнай таямніцай. Большасць смяротных пакаранняў адбываецца ў Кітаі, так што фактычны лік, верагодна, ідзе на тысячы.

Некаторыя злачынствы, здзейсненыя людзьмі, што прысуджаныя да смяротнага пакарання, жудасныя. Чаму ж тады ўрад працягвае выступаць супраць пакарання смерцю пры любых абставінах, незалежна ад цяжкасці злачынства?

Адказ на мой погляд, зразумелы

Па-першае, няма ніякіх падставаў меркаваць, што чалавек, здзейсніўшы злачынства, якое цягне за сабой пажыццёвае зняволенне, зрабіў бы іначай, калі б ведаў, што злачынства скончыцца смяротным прысудам.

Па-другое, любая судовая памылка, вынікам якой з’яўляецца смяротнае пакаранне, незваротная і непапраўная. Цяжка забыцца пра выпадак з Дэрэкам Бэнтлі, пакараным у 1953 годзе, калі яму было ўсяго 19, і апраўданага праз 45 гадоў.

Па-трэцяе, калі дзяржава мае ўладу асуджаць на смерць уласных грамадзян у выглядзе крымінальнага пакарання, баланс паміж правамі чалавека і ўладай ураду фундаментальна мяняецца.

Нарэшце, існаванне пакарання падрывае чалавечую годнасць і немагчымае ў ХХІ стагоддзі. Скасаванне смяротнага пакарання з’яўляецца важным крокам на шляху развіцця ўсебаковых і ўсеагульных правоў чалавека.

Цяпер існуе выразная міжнародная тэндэнцыя да глабальнай ліквідацыі смяротнага пакарання. У апошнія 10 гадоў толькі 22 краіны скасавалі смяротную кару. Але глабальнае скасаванне — справа яшчэ многіх гадоў, і давядзецца пераадолець сур’ёзныя праблемы, перш чым мы зможам жыць у свеце без смяротнага пакарання.

Толькі 58 краін захоўваюць смяротнае пакаранне. Але 58 — гэта ўсё яшчэ зашмат.

Заўтра ўрад распачне новую стратэгію па глабальнай ліквідацыі смяротнага пакарання. Мы будзем залучаць да нашай працы самых энергічных людзей, будзем працаваць там, дзе можам дамагчыся рэальных зменаў.

Гэта можа часам патрабаваць прагматычнага падыходу да некаторых краін. Напрыклад, заахвочанне дзяржаваў да фармальнага ўсталявання мараторыя на смяротнае пакаранне. І мы заклікаем усе краіны, у якіх працягвае дзейнічаць смяротнае пакаранне, гарантаваць, выконваць мінімальныя міжнародныя стандарты, у тым ліку забарону на смяротнае пакаранне непаўналетніх, цяжарных жанчын або асобаў, якія страцілі розум, а таксама забяспечання правоў на справядлівае судовае разбіральніцтва і апеляцыю.

Наша міжнародная праектная праца таксама прыносіць свой плён. Нядаўна мы падтрымалі станоўчыя змены ў Кеніі, Барбадосе і Угандзе.

Забарона абавязковага смяротнага пакарання можа значна паменшыць колькасць зняволеных, прысуджаных да смерці. Толькі ў мінулым месяцы смяротны прысуд 167 зняволеных ва Угандзе заменены на пажыццёвае зняволенне ў выніку фінансаванага FCO-праекта, а летась Кенія скасавала смяротны прысуд усім сваім смяротнікам — 4000 чалавек. Гэта крокі ў правільным кірунку.

Але мы не можам спыняцца на дасягнутым. Скасаванне смяротнага пакарання не адбудзецца раптоўна, і нас наперадзе чакае шмат працы. Вялікабрытанія па-ранейшаму цвёрда нацэленая на дзеянне як сама, так і разам з міжнароднымі партнёрамі, каб дасягнуць нашай канчатковай мэты — глабальнай ліквідацыі смяротнага пакарання.

* * *

Джэрэмі Браўн — намеснік міністра замежных справаў Вялікабрытаніі. Належыць да Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Артыкул дасланы пасольствам Вялікабрытаніі ў Беларусі. 11 кастрычніка ў свеце адзначаецца Дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0