Цэлы тыдзень сустракаю каля пікетаў незалежных кандыдатаў розных прыхільнікаў сённяшняга прэзідэнта. Чамусьці ніводнага мужчыны-лукашэнкаўца так і не пабачыла, а вось жанчынаў сталага веку — свет.

Асабліва яскравыя і апантаныя яны каля Камароўскага рынка — відаць, пасля закупаў настрой добры, хочацца пачасаць языкамі, а тут мноства пікетаў і цудоўная нагода для «дэбатаў».

«Навошта ім дазваляюць народ баламуціць?». «Не патрэбны нам гэтыя выбары». «Вам што жывецца дрэнна? Дык вы распанелі!». «Мы па гразі хадзілі, а вы па асфальце». «У нас гаспадар у хаце і парадак, таму я за Лукашэнку». Гэта далёка не поўны спіс розных стандартных фразачак прыхільніцў прэзідэнта.

Аднак самае цікавае — рэакцыя на іх іншых людзей. Большасць глядзіць на гэтых бабуляў як на вар’ятак, некаторыя нават спрачацца адмаўляюцца і прапануюць лукашэнкаўкам лекавацца, быццам бы палітычная прыхільнасць — гэта хвароба і ад яе можна пазбавіцца адной пігулкай.

Аднак у большасці «дэбатаў», на якія я патрапляла за гэты тыдзень, на адну лукашыстку наляталі два-тры іншыя прахожыя і пераконвалі ісці адсюль.

Ёсць і яшчэ адзін цікавы момант. Крыкуны шыкоўна прыцягваюць увагу. Нават калі да гэтага зборшчык подпісаў сядзеў без працы і чакаў людзей, то з’яўленне лукашэнкаўцаў чапляе мінакоў. Людзі падыходзяць абараніць беднага змерзлага прадстаўніка ініцыятыўнай групы кандыдата. Лукашэнкаўца выганяюць ці пераконваюць замаўчаць, а самі застаюцца і падпісваюцца. Сярод некаторых зборшчыкаў подпісаў нават чула словы падзякі лукашысткам: «Дзякуй, што прыцягнулі ўвагу нязгодных з вамі! Яны прыйшлі на крыкі і паставілі свой подпіс толькі таму, што вы не маеце рацыі!».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?