Чэмпіён Беларусі па баскетболе сталічны «Мінск-2006» (галоўны трэнер - Андрэй Крыванос) 13 кастрычніка ўзяў старт у Адзінай лізе ВТБ — турніры, што аб’ядноўвае каманды постсавецкай прасторы, а таксама некаторыя баскетбольныя клубы Усходняй Еўропы.

Прынцып турніру наступны: 12 камандаў разбітыя на дзве групы па шэсць дружынаў у кожнай. «Мінск-2006» гуляе ў групе «А» з маскоўскім ЦСКА, казанскім УНІКСам, віленскім «Летувасам Рытасам», днепрапятроўскім «Дняпром» і клубам «Хонка» (Эспа, Фінляндыя).

У групе «В» выступаюць украінскі «Азоўмаш», рыжскі «ВЭФ», талінскі «Калеў», польскі «Праком» (Гдыня/Сопат), каўнаскі «Жальгірыс» і падмаскоўныя «Хімкі».

У кожнай з групаў пройдзе двухкругавы турнір: г.зн. кожны клуб з кожным правядзе па дзве гульні — дома і ў гасцях — усяго 10 тураў. У «фінал чатырох» выходзяць па дзве каманды з групы.

У групе «А» турнір стартаваў 6 кастрычніка: ЦСКА выйграў у «Летуваса Рытаса» — 80:61, а «Днепр» — у «Хонкі» — 81:73.

«Мінск-2006» стартаваў сёння, матчам у Казані супраць «Унікса» і прайграў 54:83 (20–19, 11–27, 9–16, 14–21).

Найлепшым у мінчанаў быў амерыканскі легіянер Цівайн МакКі, які набраў 12 балаў, паведамляе афіцыйны сайт мінскага клуба.

Наступны матч «Мінсак-2006» правядзе дома. Гэта будзе гульня супраць фінскай «Хонкі». Паядынак пройдзе 19 кастрычніка (аўторак) у «Мінск-Арэне». Пачатак, а 19-й.

Наступныя дзве гульні — у гасцях. 12 лістапада — супраць «Дняпра», а 27 лістапада, у дзень Слуцкіх паўстанцаў, у Вільні супраць «Летуваса Рытаса».

11 снежня ў Мінску беларускі клуб прыме зорны маскоўскі ЦСКА.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?