Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі абмеркаваў з прэзыдэнтам Ірану Магмудам Агмадынэджадам візыт прэзыдэнта Беларусі ў Тэгеран, які мае адбыцца найбліжэйшым часам.

Прэзыдэнт Ірану ў часе прыёму Сяргея Мартынава заявіў, што незалежныя дзяржавы цяпер зазнаюць моцны ціск у сувязі з існаваньнем у сьвеце аднапалярнай сыстэмы.

«Надзённая неабходнасьць – разбурэньне гэтай несправядлівай сыстэмы, чаму можа паспрыяць супрацоўніцтва між незалежнымі краінамі», – адцеміў іранскі лідэр. Іран мае намер пашыраць сваё супрацоўніцтва з такімі незалежнымі краінамі як Беларусь.

Ён таксама дадаў, што Іран і Беларусь знаходзяцца сёньня ў згодзе па шмат якіх эканамічных і палітычных праблемах. На думку Магмуда Агмадынэджада, эканамічнае супрацоўніцтва між Менскам і Тэгеранам патрэбна ўзмацняць.

Паспрыяць пашырэньню кантактаў між дзьвюма краінамі можа візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Іран, лічыць Агмадынэджад.

У сваю чаргу міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў у часе сустрэчы з Магмудам Агмадынэджадам заявіў, што Беларусь ды Іран падзяляюць большасьць сваіх пазыцый па міжнародных праблемах. «Беларусь гатовая супрацоўнічаць з Іранам ды іншымі незалежнымі краінамі, каб пераўтварыць аднапалярную сыстэму ў шматпалярную», – цытуе беларускага міністра ISNA.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?