У сталічных мікрараёнах Каменная Горка і Масюкоўшчына падрыхтаваны інвестыцыйныя пляцоўкі, якія будуць прапаноўвацца беларускаму бізнэсу для ўдзелу ў стварэнні невялікіх аб’ектаў грамадскага харчавання, гандлю і бытавых паслуг. Пра гэта паведаміў старшыня Мінскага гарвыканкама Мікалай Ладуцька.

«Невялікіх, таму што наш бізнес адгукаецца на невялікія прапановы», — растлумачыў мэр. Горад жа, паводле яго слоў, пакідае за сабой аб’екты аховы здароўя, выхавання, адукацыі і спорту.

Мікалай Ладуцька паабяцаў, што неабходная інфраструктура ў новых мікрараёнах на ўскраіне сталіцы «з’явіцца значна хутчэй, чым гэта было 15 гадоў таму». «Мы памятаем, як асвойваўся Мінск у 60-я, 70-я, 80-я гады. Сапраўды, набудоўваліся мікрараёны, пасля гэтага праходзіла 10–15 гадоў, пакуль яны комплексна забудоўваліся. Сёння комплекснае асваенне тэрыторый праходзіць значна хутчэй. Так, хацелася б, каб спачатку магазіны, школы, дзіцячыя сады, а потым жылыя дамы. Але тэхналагічна, арганізацыйна і фінансава так не атрымліваецца. Мы ідзём спачатку камунікацыямі, жылымі дамамі, затым дзіцячыя садкі, школы, аб’екты сацкультбыту, харчавання, гандлю», — сказаў старшыня Мінскага гарвыканкама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?