У суботу 21 кастрычніка вернікі парафіі Святога Казімера ў Стоўпцах адзначылі ўрачыстасць пачатку пабудовы новага парафіяльнага касцёла, якую ўзначаліў Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка.

Мураваны дамініканскі касцёл фундацыі Аляксандра Служкі, пабудаваны ў 1625 г., упрыгожваў мястэчка да 1953 г. У гэтым касцёле быў пахаваны Слуга Божы Фабіян Малішоўскі і іншыя святары. Падчас ІІ сусветнай вайны загінуў ад выпадковай кулі вікарый парафіі кс. Адольф Слівінскі, а ў гітлераўскім лагеры смерці ў Калдычэве (непадалёк ад Баранавічаў) быў замучаны пробашч парафіі кс. Юліян Дудзінскі.

У 1953 г. савецкія ўлады ўзарвалі касцёл, і цяпер на гэтым гістарычным месцы, дзе былі пахаваныя святары, знаходзіцца спартыўная пляцоўка адной з сярэдніх школаў горада. На пачатку перабудовы вернікі і тагачасны пробашч кс. Яраслаў Зарадзкі атрымалі дазвол мясцовых уладаў на пабудову капліцы і катэхетычных класаў. У сувязі з прыездам у горад на пастаяннае месца жыхарства каталікоў з суседніх парафій (рубяжэвіцкай, дзераўнянскай, хотаўскай, налібоцкай, новасвержанскай), капліца неўзабаве ўжо не магла змяшчаць усіх вернікаў. Было прынята рашэнне пабудаваць новы касцёл.

Урачыстасць асвячэння вуглавога каменя здзейсніў Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка. Ва ўрачыстасці бралі ўдзел старшыня мясцовага райвыканкама, госці з польскага горада-пабраціма Стоўпцаў — Гостыні, святары з суседніх парафій, шматлікія вернікі. Згодна з традыцыяй, пасля св. Імшы была асвечана пляцоўка пад будаўніцтва.

Былі сабраныя ахвяраванні на пабудову касцёла. Ахвяраванні на гэтую мэту будуць збірацца таксама ў суседніх парафіях. У далейшым справай будаўніцтва зоймецца касцёльны камітэт і душпастыры парафіі — пробашч кс. Адам і вікарый кс. Павел. Апостальскі Адміністратар выказаў надзею на хуткае і якаснае ўзвядзенне Божага дома.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?