На ваш погляд, Андрэй, ці атрымае калі-небудзь беларускі аўтар Нобелеўскую прэмію?

Я не даю прагнозаў. І мы з вамі, і карыстальнікі TUT.BY — не аўтарытэтнае бюро прагнозаў. Але мы можам казаць пра нашу інтуіцыю і гарачыя жаданні.

Так, зразумела, вельмі хацелася б, ды і час даўно наспеў, бо мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы і тое, што незалежная дзяржава Беларусі існуе і развіваецца, ужо цяжка ігнараваць. Беларусь, якая мае сваю мову, культуру і асобную, не падобную да іншых літаратуру.

І зразумела, што

«Нобель» быў бы для нас аўтарытэтнай формай прызнання. Тады б ні ў аднаго імперыяліста, дзе б ён не сядзеў — у Расіі, Польшчы, Нямеччыне — язык не павярнуўся б сказаць, што наша літаратура правінцыйная ці несамастойная. Гэта быў бы знак якасці на сучаснай актуальнай беларускай літаратуры.

З іншага боку, наш рэгіён не знаходзіцца ў полі найбольшай сусветнай зацікаўленасці. Мы адрозніваемся і з’яўляемся не да канца зразумелымі для заходне-еўрапейскага свету. Таксама мы не гарачая кропка планеты і не настолькі экзатычная краіна, як пэўныя краіны Афрыкі ці Акіяніі, да якіх цяпер, зразумела, мацней прыкавана ўвага еўрапейцаў і амерыканцаў, якія шукаюць нешта вельмі непадобнае. Што дзівіцца, калі 48-мільённая Украіна не мае ніводнага набеліста. Вельмі цікавыя балтыйскія краіны, якія так сама не маюць «Нобеля». Але, спадзяюся, што і на іхняй, і на нашай вуліцы калісьці будзе свята.

Толькі гэтыя літаратар ці літаратарка павінны быць зразумелымі для чытачоў і стварыць вырашальную задачу для перакладчыкаў, чытачоў, а таксама і для Каралеўскай Акадэміі. Думаю, такія аўтары ў нас ўжо ёсць… Памятаеце, як мы калісьці марылі пра камунізм і пра тое, як нашы дзеці будуць належыць да культуры, узнагароджанай Нобелеўскімі прэміямі?

На вашу думку гэта значыць, што мы дачакаемся?

Так, але гэта будзе не праз год і не праз два.

Хто з айчынных пісьменнікаў быў бліжэй за ўсіх да гэтай прэміі?

Васіль Быкаў, які быў на хвалі еўрапейскай славы, калі яго ваенныя раманы перакладаліся і ўваходзілі на еўрапейскі рынак. Прынамсі, мае калегі польскія перакладчыкі і літаратары гавораць, што Быкаў быў адным з самых папулярных і чытаных у Польшчы пісьменнікаў.

Іншая рэч, што

Васіль Уладзіміравіч валодаў універсальнай празрыстай мовай, якая не ставіла звышзадач для перакладчыкаў, і звяртаўся да памяці Другой Сусветнай вайны, зразумела, блізкай кожнаму еўрапейцу.
І, што таіць граху і цынізму, кожны ягоны раман быў таксама і на расійскай мове, і калі перакладчык звяртаўся да беларускага арыгіналу, то заўсёды мог пакласці побач з сабой і расійскі томік. А людзей, якія перакладаюць з расійскай, у Еўропе нашмат больш, чым перакладчыкаў з беларускага арыгіналу.

Сёння цяжка сказаць, што перашкодзіла тады. Але спадар Васіль неаднаразова ўваходзіў у дзясятку найбліжэйшых прэтэндэнтаў на «Нобеля».

Каму сёння аддаюць перавагу ў Нобелеўскім камітэце? Акрамя зразумеласці твору якія яшчэ фактары ўлічваюцца?

Давайце паспрабуем намацаць адразу два полюсы, паміж якімі і павінен балансаваць аўтар. З аднаго боку, ён не павінен быць нацыянальна замкнёным. Яскравы таму прыклад — геніяльны беларускі паэт, Рыгор Барадулін, які пару разоў ужо быў вылучаны на Нобелеўскую ўзнагароду. Мая бязмежная пашана, павага і чытацкая любоў да яго не перашкаджае мне скептычна ацэньваць ягоныя шансы, бо Бог для беларускага чытача ператвараецца ў незразумелага незнаёмца.

Можа быць, яшчэ ўкраінцу, літоўцу і бліжэйшаму суседу гэта прамаўляе, але праз некалькі межаў — ужо дзесьці ў Францыі — сумняюся, што чытач змог бы ацаніць у поўным сэнсе. Надта глыбока дзядзька Рыгор занураны ў беларускую ментальнасць, рэаліі і мову. Тут трэба дадаць, што ён яшчэ і геній версіфікацыі, які вымагае перакладчыка, талент якога вышэйшы за талент Барадуліна. А такое здараецца далёка не штогод і не ў кожнай краіне.

Кепскі пераклад — гэта знішчаны цуд, які ўжо нічога не прамаўляе.

Але я б пазбягаў і супрацьлеглага полюсу. Гэта не можа быць абсалютна ўніверсальны касмапаліт, і калі сёння хтосьці зацікавіцца Беларуссю ў святле Нобелеўскай прэміі, гэта павінен быць аўтар, які б яшчэ і цікавай мовай апавядаў свету пра Беларусь. Чалавек без нацыянальнай ідэнтыфікацыі, за якім не ляжыць досвед яго пакалення, культуры і быцця ў Беларусі, нецікавы чытачам у свеце.

Досыць блізка да Нобелеўскай прэміі, як мне здаецца, знаходзіцца аўтар non-fiction Святлана Алексіевіч — вельмі востры і актуальны аўтар, які кранае сучаснага чалавека за глыбокія і балючыя кропкі. Калі б дадалося ёй больш беларускага акцэнту, калі б спадарыня Святлана захацела павесці не проста пра трагічны досвед Афганістана альбо Чарнобыля, альбо нейкія балючыя моманты, звязаныя з прастытуцыяй і інш., яшчэ і ў большым беларускім святле… Магчыма, уплывае тое, што яна піша па-расійску, а не па-беларуску. І магчыма, тады б яе шансы былі б вышэй.

Алесь Сцяпанавіч Разанаў — мой персанальны кандыдат на першую беларускую Нобелеўскую ўзнагароду. Ён можа быць адначасова глыбокім, метафізічным, актуальным, універсальным, але разам з тым — паэтам, не адарваным ад беларускай глебы і ментальнасці, які прэзентуе сабой беларускага чалавека ў найбольш метафізічным яго вымярэнні. Гэта можа быць цікава чытачу. Праўда, узнікае адно «але»… Наколькі сённяшні свет здольны ацаніць паэзію, у тым ліку «паэзію не для ўсіх»?

Так, перамог бліскучы перуанскі празаік Варгас Льёса. Але сярод найбліжэйшых кандыдатаў былі ўжо блізкія Алесю Разанаву паэты — швед Томас Транстромер і паляк Адам Загаеўскі.

Як вы ацэньваеце кандыдатуру Георгія Марчука, які вылучаўся праўладным Саюзам пісьменнікаў Беларусі?

Пэўныя арганізацыі могуць вылучаць сваіх кандыдатаў. Зразумела, што кожны мае права вылучыцца самастойна, але гэта не сціпла. Асяроддзе Марчука — СПБ, да якога ён належыць, зрабіла ўсё ў межах закона, этыкі і права.

Кожны пісьменнік мае права і на вялікія амбіцыі — дрэнны той салдат, які не хоча быць генералам. Часам, завышанасць гэтых амбіцый можа выклікаць іранічную ўсмешку, што відавочна ў выпадку са згаданым кандыдатам. Але ў яго ёсць свае чытачы, якіх яго творы чапляюць за жывое.

Любое вылучэнне мусіць мець вялікую папярэднюю працу — ці то Георгі Марчук, ці то Барадулін з Разанавым. Ніякага вылучэння не бывае без вялікага міжнароднага аўтарытэту літаратара. У дадзеным выпадку, баюся, імя Георгія Марчука невядома ў большасці чытацкіх аўдыторый, акрамя беларускай.

Таксама не бывае вылучэння і без наяўнасці добрых перакладаў і выдавецтва кніжак, якія павінны быць на кніжных рынках тых краін, дзе чытаюць кандыдата на Нобелеўскую ўзнагароду.

У літаратараў ёсць свае тусоўкі і сферы ўплыву. Бліскучы таму прыклад — паэты-эмігранты, якія жылі ў Амерыцы і выкладалі ва ўніверсітэце Берклі ў Каліфорніі. Старэйшы калега, а таксама і старэйшы «набеліст» Чэслаў Мілаш заўсёды мог замовіць добрае слова за свайго малодшага калегу і сябра Іосіфа Бродскага,
які атрымаў сваю ўзнагароду праз сем года пасля Мілаша.

Не ведаю, колькі сённяшніх «набелістаў» гатовы паручыцца сваім аўтарытэтам за Георгія Марчука. Таму, думаю, што працы для яго — яшчэ непачаты край: працаваць з замежнымі беларусістамі, дабівацца таго, каб добрай мовай і нармальным накладам выдадзеныя раманы з’явіліся ў іншых краінах. І, перш за ўсё, зрабіць штосьці выбітнае ў літаратуры, што, мабыць, дадало б і міжнароднай славы, і аўтарытэту, і розгаласу кандыдату.

А пакуль што ў мяне змяшаныя пачуцці. Кожны год мне хочацца каб нехта з беларусаў здолеў наблізіцца да Нобеля, але менавіта таму прысутнічае і вялікі скепсіс.

У адным з інтэрв’ю вы сказалі аб тым, што ўручэнне прэміі — падзея палітычная. А на выбар кандыдатаў, якіх вам дапамагаюць выбіраць эксперты, уплывае ідэалогія (большасць экспертаў маюць левыя погляды, што, безумоўна, адбіваецца і на выніках). Прыклад з СМІ — Хорхе Луіс Борхес, які ў свой час паціснуў руку Піначэту і не атрымаў прэмію. Палітыка насамрэч мае такі моцны ўплыў?

Безумоўна, але не толькі. «Нобель» — гэта як алімпійскія гульні, якія з’яўляюцца толькі спартыўнымі.

Калі гэта так, то чаму Злучаныя Штаты Амерыкі ў разгар халоднай вайны не ўдзельнічалі ў маскоўскай Алімпіядзе і наадварот — Савецкі Саюз не ўдзельнічаў ў Алімпіядзе ў Лос-Анджэлсе ў 1984 годдзе? Альбо чаму кітайскія спартсмены з такой зацятасцю змагаюцца з амерыканцамі і проста пераскокваюць свае магчымасці для таго, каб перамагчы?

Зразумела, элемент палітыкі прысутнічае. І магчыма, з таго моманту, калі «Нобель» запанаваў як галоўная і самая аўтарытэтная ў свеце прэмія ў літаратуры. Можна паспрачацца, дрэнны ён ці добры, але ж назавіце больш аўтарытэтную ўзнагароду. З іншага боку, на кану і вялікія грошы, а сур’ёзныя літаратары не зарабляюць, як адвакаты, стаматолагі ці бізнесмены. Зразумела, што уплывае многа фактараў, і палітыка — адзін з галоўных.

Дастаткова прасачыць гісторыю ўручэння Нобеля расійскім, савецкім ці постсавецкім кандыдатам, якія адлюстроўвалі пацяпленне ці пахаладанне адносін з Савецкім Саюзам. Пры ўсёй кан’юнктуры Нобель цалкам не выключае, што яго атрымае сапраўды геніяльны і адзін з найлепшых жывучых пісьменнікаў.

Зразумела, Барыс Пастарнак — геніяльны паэт. Праўда, прэмію атрымаў за палітызаваны раман «Доктар Жывага». Іосіф Бродскі — геніяльны паэт, які атрымаў узнагароду пераважна за ангельскамоўную эсэістыку. Архан Памук — бліскучы раманіст, але наўрад ці ён атрымаў бы «Нобеля» без абвастрэння сітуацыі вакол турэцкіх армян сваёй дысідэнцкай пазіцыяй…

З іншага боку, апошнія пара-тройка год паказваюць, што прэмію зноў пачынаюць атрымліваць не выпадковыя пісьменнікі, а тыя, якіх мы чыталі і чые імёны мы ведалі задоўга да атрымання імі прэміі. Напрыклад, на маіх кніжных палічках стаяць кнігі Льёсы, Гюнтэра Граса ці Віславы Шымборскай…

Скаргі пра палітыку — размовы на карысць бедных. Так, чарговы раз не атрымаўшы Нобеля, можна сказаць: «Гэты свет несправядлівы! Літаратурай тут і не пахне!» і гэтак далей. Але гэта слабае суцішэнне і «Нобеля» атрымліваюць усё ж такі найлепшыя.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?