"Известия": Мабыць, не да юбілею гэта згадваць, але на Захадзе на Ваш адрас гучала ў свой час нямала прыкрага. Чым Вы гэта тлумачыце зараз, калі можаце крыху аддалена зірнуць на мінуўшчыну?

Барыс Ельцын: Чаму толькі на Захадзе? Тут, у Расеі, і горшае гучала. Ішла жорсткая барацьба, хто ачоліць Расею пасьля майго сыходу. Акрамя камуністаў, каторыя заўсёды спрабавалі вярнуцца да ўлады, робячы стаўку на састарэлых і незадаволеных, узьнікла яшчэ адна магутная сіла. Два немаладыя палітыкі, аб'яднаўшыся, вырашылі ачоліць краіну ў 2000 г. (Маюцца на ўвазе Лужкоў і Прымакоў - "НН".) Іх падтрымала частка буйных бізнэсоўцаў. Гэтай групе належалі агульнафэдэральныя каналы, буйныя газэты і часопісы. Увесь свой рэсурс яны кінулі на дыскрэдытацыю дзейнага прэзыдэнта і, значыцца, усяго таго, што ён прапаноўвае краіне. Тады на НТВ узьнік гэты тэрмін - "сям'я", тады ж узьніклі ўсе гэтыя гісторыі пра палацы ў Францыі, Нямеччыне, Лёндане, пра шматмільярдныя рахункі на забыўся якіх астравах. У газэтах зьяўляліся фальшыўкі: крэдытныя карткі з маім добра пазнавальным подпісам. Чым большая бязглузьдзіца пісалася і прамаўлялася з тэлеэкрану, тым лягчэй у яе верылася. Гэтыя самыя "таварышы" фінансавалі падобнага кшталту кампанію на Захадзе з агромністым бюджэтам.

Цікава, што я сам стаўся ахвярай свабоды слова, якую адстойваў цягам усіх год прэзыдэнцтва. Памятаю, разумны і праніклівы Анатоль Чубайс, каторы ў тую пару ачольваў адміністрацыю, казаў, што гэта памылка - аддаваць Гусінскаму НТВ. Я ж меркаваў, што незалежная ад дзяржавы тэлевізія гэта аснова грамадзянскай супольнасьці. Што сапраўды, давядзецца перахварэць, пацярпець, памучыцца, але незалежныя сродкі масавай інфармацыі мы мусім захаваць... Таму ні ў адзін суд проці СМІ я не зьвярнуўся, ніводнага тэлефанаваньня, ніводнай просьбы ад мяне ніводзін кіраўнік каналу ці друкаванага СМІ не атрымаў.

Мабыць, мы ўсе разам мусілі прайсьці гэты болесны шлях нядбайнасьці і безадказнасьці часткі нашых СМІ. Нашы вольныя сродкі масавай інфармацыі мы мусім абараняць усім грамадзтвам. Дзяржава, улада - ад нядбайлівых гаспадароў, што выкарыстоўваюць газэту ці тэлеканал як свой асабісты баявы лісток. Грамадзтва - ад улады, што заўжды спрабуе зрабіць з СМІ свой прапагандысцкі рэсурс.

Але вяртаюся да галоўнага. Вольныя сродкі масавай інфармацыі - гэта адна з асноваў вольнай цывілізаванай краіны. Я ні на сэкунду не шкадую, што мы панішчылі цэнзуру і зараз журналісты могуць вольна і адкрыта даводзіць свае думкі. Так, пацярпеў я, пацярпела мая не мітычная, але сапраўдная сям'я, дзеці, унукі. Але гэта ўсё ня важна ў параўнаньні з галоўным: у вольнай Расеі ёсьць вольныя сродкі масавай інфармацыі.

Стаўка на маладых

"Известия": Якія рысы Ельцына-палітыка самыя моцныя?

БЕ: Я не люблю ацэньваць сам сябе. Хай гэта робяць другія. Хаця не, давайце адну якасьць назаву. Я заўжды рабіў стаўку на маладых. Падтрымліваў маладое пакаленьне. Даваў ім шанец раскрыцца. Гэта была рызыка. У маёй адміністрацыі на важнейшых пасадах былі людзі на дваццаць, а то і на трыццаць год маладзейшыя ад мяне. І менавіта гэта каманда здолела даць рады бальшыні з пастаўленых перад ёю задачаў. У 2000 годзе краіна абрала маладога прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, гэтаксама ў вельмі напружанай барацьбе, яму процістаяла старое пакаленьне палітыкаў, што чаплялася за ўладу. Дарэчы, тое, што многія з тых, хто працаваў са мною, і цяпер працуюць ужо з новым прэзыдэнтам, як найлепей сьведчыць аб іхным глыбокім прафэсіяналізьме.

Ні Сталіна, ні Леніна

"Известия": Калі б вам прапанавалі скласьці сьпіс пяці самых значных палітыкаў мінулага стагодзьдзя, каго б Вы назвалі?

БЕ: Мне не даспадобы такія рэйтынгі. Яны заснаваны не на рэальнай ацэнцы ролі тае ці іншае фігуры ў гісторыі, але на інтэрпрэтацыях, якія ствараюць самі ж СМІ. Адзінае, што я магу пэўна сказаць, у маім сьпісе ня будзе ані Леніна, ані Сталіна, каторых дагэтуль шануе частка нашых палітыкаў. І для мяне гэта адна з загадак. Гэта ж так проста: прачытаць гістарычныя дакумэнты, зразумець, якія ахвяры панесла краіна, колькі мільёнаў жыцьцяў было страчана з-за нялюдзкасьці гэтых палітыкаў. Але не, Сталін па-ранейшаму ў рэйтынгах, а Ленін у Маўзалеі на Краснай плошчы.

Сапраўдны палітык ня можа быць слабым

"Известия": Як Вы мяркуеце, якія якасьці важныя для палітыка?

БЕ: Дзьве рэчы найзначнейшыя. Розум і воля. Не, тры: розум, воля, чалавечнасьць. Розум, каб рухацца ў правільным кірунку і прымаць правільныя рашэньні. Воля, каб гэтыя рашэньні рэалізоўваць. Сапраўдны палітык ня можа быць слабым. Слабыя палітыкі руйнавалі імпэрыі, аддавалі свае тэрыторыі, прыносілі ў ахвяру ўласныя народы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0