Вялікае абмеркаванне выклікала ў інтэрнэце гутарка на «Інтэрфаксе» з кандыдатам у прэзідэнты Алесем Міхалевічам. Палітык зрабіў шэраг неадназначных заяваў, што многімі трактавалася як адыход ад нацыянальных пазіцый. Каб праясніць сітуацыю, «НН» задала некалькі пытанняў кандыдату.

«Наша Ніва»: Алесь, дык якое тваё стаўленне да бел‑чырвона‑белага сцягу і герба Пагоні?

Алесь Міхалевіч: Зразумела, што я прызнаю гэтыя сімвалы як нацыянальныя. Я вырас з гэтым сцягам і гербам. Маё меркаванне, што гэтым пытаннем не павінен займацца прэзідэнт. Яго будзе абмяркоўваць парламент. Нам трэба звыкацца, што кіраўнік дзяржавы мае выканаўчую функцыю. Для мяне важна данесці людзям, што я прапаную паляпшэнне ўзроўню жыцця без ломкі сістэмы, якая, трэба прызнаць, ім падабаецца.

«НН»: А што наконт дзяржаўных моваў?

АМ: Зноў‑такі, гэта пытанне ў кампетэнцыі парламента. Проста я перакананы, што мы маем мноства рэзерваў для паляпшэння статусу мовы нават у сённяшніх рэаліях. Па‑беларуску мусяць размаўляць чыноўнікі, весціся дакументацыя, дзяржаўныя сайты павінны мець беларускамоўныя старонкі. Поле для манеўру досыць шырокае.

«НН»: Першым указам ты паабяцаў гарантыі Лукашэнку.

АМ: Гэта найперш датычыць не гарантый, а прававога становішча прэзідэнта. Якім яно будзе — залежыць ад сітуацыі. У нас ніколі не было былых прэзідэнтаў, таму і статус іхны ўсё яшчэ не вызначаны.

«НН»: Ці зачапіла, калі з’явіліся абвінавачванні, што Міхалевіч прэтэндуе на ролю новага Гайдукевіча?

АМ: Не зачапіла. Спакойна стаўлюся да навешвання ярлыкоў. Мне хутчэй падабаецца перакручванне маіх словаў. Калі я кажу, што ў мае прыярытэты не ўваходзіць уступленне ў Еўрасаюз, то гэта не значыць, што я гэтага не хачу. Гэта азначае, што на дадзеным этапе зрабіць гэта нерэалістычна, таму гэтага і няма ў прыярытэтах.

«НН»: Алесь, ты не называеш сябе ўжо апазіцыяй?

АМ: Не. Я не прадстаўляю ні ўладу, ні апазіцыі. Як, дарэчы, і не крытыкую. Што датачыць сяброў маіх каманды з апазіцыйных партый, то яны прынялі мае погляды, згодныя з імі.

«НН»: Якія твае планы на выбарах?

АМ: Ёсць дзве праграмы. Праграма-максімум — перамагчы. Я разумею, што на дадзены момант шанцы маленькія. Але з прыбліжэннем выбараў яны будуць павялічвацца. Праграма-мінімум — заручыцца падтрымкай у самых розных пластах насельніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?