Уладальнікі сотавых тэлефонаў па ўсёй планеце адпраўляюць кожную секунду 200 тысяч SMS‑паведамленняў. Такія даныя прыводзіць у сваім дакладзе Міжнародны саюз электрасувязі, паведамляюць інфармагенцтвы.

Эксперты адзначаюць, што за тры гады колькасць SMS‑паведамленняў павялічылася ў тры разы. Калі ў 2007 годзе карыстальнікі мабільнай сувязі выкарыстоўвалі такі спосаб зносін 1,8 трлн. разоў, то ў 2010 годзе колькасць SMS ужо дасягнула 6,1 трлн. Больш актыўна пішуць адзін аднаму кароткія паведамленні жыхары Філіпін і ЗША. На іх долю прыпадае 35 працэнтаў усіх адпраўленых SMS‑паведамленняў на планеце.

На сённяшні дзень мабільнай сувяззю карыстаюцца 90 працэнтаў насельніцтва Зямлі, у тым ліку 80 працэнтаў жыхароў цяжкадаступных раёнаў. Паводле прагнозаў спецыялістаў, да канца года колькасць абанентаў сотавай сувязі дасягне 5,3 млрд., з іх 3,8 млрд. — у краінах, што сталі на шлях развіцця. У той жа час тэмпы павелічэння колькасці абанентаў у развітых дзяржавах у гэтым годзе замарудзіліся і склалі ўсяго 1,6 працэнта: на кожных 100 жыхароў прыпадае 116 купленых SIM‑картак.

Згодна з дакументам, сярэдні кошт аднаго паведамлення складае ў свеце $0,7. Такім чынам, кампаніі сотавай сувязі зарабляюць толькі на SMS $14 тыс. у секунду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?