Адказваючы на пытанні журналістаў 20 кастрычніка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску, намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур распавёў пра сваё стаўленне да праекта эканамічнай праграмы прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Яраслава Раманчука.

У прыватнасці Тур зазначыў, што знаёмы толькі з асобнымі палажэннямі праграмы, але гэтага хапіла, каб зразумець, што яна, «як і любая праграма, мае як пазітыўныя моманты, гэтак і недахопы».

Многія прапановы Раманчука закладзены і ў праект праграмы сацыяльна‑эканамічнага развіцця да 2015 года, зазначыў Тур.

«Раманчук з’яўляецца прыхільнікам выключна ліберальнага тыпу эканомікі. Ён узначальвае Цэнтр Мізеса, а Мізес — чалавек з плеяды архінеалібералаў, у якіх дзяржава не прысутнічае практычна нідзе, яна з’яўляецца тормазам і перашкаджае развіццю эканомікі», — заявіў міністр.

Паводле слоў Тура, праект закона аб дзяржаўна‑прыватным партнёрстве, што распрацоўваецца ў Беларусі, павінен паказаць, дзе можа і павінна прысутнічаць дзяржава, а дзе — бізнес.

Намеснік кіраўніка Мінэканомікі мяркуе, што роля дзяржавы павінна скарачацца там, дзе ёсць удалыя ўмовы развіцця, і павялічвацца пры ўзнікненні цяжкасцяў. «А цяжкасці з’яўляюцца заўсёды», — падкрэсліў ён.

Дзяржава ўказвае на сферы для паспяховай інвестыцыйнай дзейнасці, яна будзе адзіным сур’ёзным гарантам і правадніком палітыкі ў фарміраванні Мытнага саюза і АЭП, звярнуў увагу Тур.

«Усе неаліберальныя праграмы носяць экстрэмісцкі характар, які праяўляецца ў тым, што асобныя палажэнні вядуць да выключэння або супярэчнасці адно да аднаго», — заявіў чыноўнік.

Ён прывёў прыклад з праграмы Раманчука, дзе немагчыма адначасова скараціць значную долю падаткаабкладання або сацыяльнага падатку і павысіць пенсіі.

«Раманчук ніколі не працаваў у органах дзяржкіравання і не мае базавай эканамічнай адукацыі. Гэта не азначае, што ён не можа разбірацца ў эканоміцы. У яго не было магчымасці паўдзельнічаць у выпрацоўцы сапраўдных рашэнняў, і ў гэтай частцы праграма вельмі экстрэмісцкая», — заключыў Тур.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?