Рэспубліка Беларусь. Менск, вуліца Валадарскага, дом 2. На гэтым адрасе, у цэнтры гораду, каля Чырвонага касьцёлу й Дома ўраду, чатырохзоркавага гатэлю «Менск» і драматычнага тэатру імя Горкага, пражывае дзьве з паловаю тысячаў чалавек. І ўсё было б добра ў гэтай гісторыі, каб будынак той, у цэнтры сталіцы эўрапейскае краіны, ня быў бы турмою.

Турма. Нешта загадкава-небясьпечнае хаваецца ў гэтым слове для чалавека, каторы ніколі ў жыцьці ня быў абмежаваны воляю. А нават калі й бываў наш брат на якім Акрэсьціна, ня можа сабе ўявіць, што хаваецца за старажытнымі мурамі Пішчалаўскага палацу.

Не, тут зусім ня страшна. Жывуць нават гадамі, у гэтых тубэркулёзных, насьмерць пракураных камэрах, каторыя на матчынай мове ласкава называюцца – хаты, нібы падкрэсьліваючы кожнаму новаму наведвальніку цэнтралу – твой дом цяпер тут, тут цяпер твая хата. І што самае цікавае – жыцьцё тут ідзе таксама паводле законаў. Толькі паводле сваіх.

Зладзейскія законы. Зрэшты, любая чалавечая супольнасьць схільная да фармаваньня законаў для сваёй жыцьцядзейнасьці. Працэс гэты неабходны й пазытыўны. Ствараюцца законы супольнасьцю як жаданьне ўпарадкаваць ці абмежаваць дзейнасьць сваіх прадстаўнікоў.

Тое самае адбылося ў супольнасьці людзей, што пазбаўленыя волі, – зэкаў. Фармуючы свае законы, яны клапаціліся пра жыцьцядзейнасьць сваёй сыстэмы ў супрацьстаяньні зь іншаю сыстэмай – міліцэйскаю (ці мусарскою, як яе называюць тут). Сэнс супрацьстаяньня – лібэралізаваць апошнюю й зрабіць яе больш прыдатнаю для жыцьця. Ну, да прыкладу, носьбіты зладзейскай маралі дамагаюцца ад адміністрацыі турмаў, калёніяў павелічэньня колькасьці дазволеных перадачаў, дазволу карыстацца электрычнасьцю, тэлевізарам, фармуюць абшчакі для дапамогі тым, хто, заехаўшы ў турму, нічога ня мае і г.д.

Ну, з законамі першае сыстэмы мы знаёмыя, і неаднаразова спрабавалі іх на сваёй скуры. Таму можам пагадзіцца з арыштанцкаю характарыстыкаю чалавечнасьці апошніх. А вось што датычыць зладзейскіх законаў, дык ня кожнаму шчасьціць азнаёміцца зь імі на сваім жыцьцёвым шляху.

Адаптацыя. Пачалася яна для мяне ў першым СІЗА Беларусі, у пятніцу. А тых, хто трапляе сюды ў апошні працоўны дзень і выходныя, трымаюць у панядзелак у адстойніках. Адстойнікі – гэта такія спэцыялізаваныя камэры з драўлянымі насьціламі замест полу, дзе прыбіральня (дальняк ці даліна па-тутэйшаму) служыць адначасова рукамыйніцай. Гэта цяжкавата зразумець таму, хто не сутыкаўся з такою сыстэмаю. А яна вельмі простая – у куце камэры безь ніякіх загарадак знаходзіцца пляскаты ўнітаз, а над ім кран з вадою. Вось такая эканамічная канструкцыя – два ў адным. Усё-ткі ўмеюць нашыя, калі захочуць.

Ну дык вось, адстойнік № адзін, дзевяць, восем (так тут заведзена агучваць лічбы), каторы стаўся мне домам на тры дні, меў плошчу каля 12 кв. м, а запіхнуць туды прымудрыліся ажно 25 чалавек. Нават быў адзін арыштант, каторы праз гэтыя адстойнікі ўжо восем месяцаў езьдзіць на суд, дык казаў, што больш як 18 чалавек тут яшчэ ня бачыў. Але межы чалавечае выносьлівасьці ў гэткага кшталту ўстановах проста няма.

І ўжо ў адстойніку, як у любым памяшканьні камэрнага тыпу, дзе знаходзяцца носьбіты турэмнае ідэі, пачынаюць дзейнічаць зладзейскія законы й адпаведная герархія, у якой усім хочацца заняць лепшае месца.

Месца ў сыстэме. Кожны яго пачынае намацоўваць зь першых жа дзён, заварожана слухаючы зэкаў, што ўжо некалькі разоў прайшлі кола гэтага пекла: турма–этап–лягер. На месцы ж засвойваючы правілы паводзінаў, кожны ўяўляе сябе маральным аўтарытэтам. Ну, як мы з вамі зразумелі, тут свая мараль.

Чалавек, каторы мае ўстойлівы характар, даволі хутка абжываецца ў турэмнай сыстэме й падпарадкоўваецца яе законам. Чалавек жа слабавольны й бесхарактарны ў дадзенай ўстанове хутка ператвараецца ў выгнанца, каторага будуць разводзіць і абсьмейваць. Ёсьць яшчэ адна катэгорыя арыштантаў. Гэта людзі, каторыя паводле сваіх маральных стандартаў ня могуць прыняць законаў «сьвету злодзеяў» і таму ўваходзяць зь ім у непазьбежны канфлікт. Такіх індывідуўмаў знайсьці тут цяжка, але ж рэальна. Звычайна на гэтых людзей ажыцьцяўляецца фізычна-маральны ўціск, і чалавек альбо прымае правілы гульні, альбо ператвараецца ў таго ж выгнанца, над якім, праўда, менш сьмяюцца, але больш ненавідзяць.

Апынуўшыся ў іншай заканадаўчай сыстэме, я не задумваўся над сваім месцам у ёй. Ва ўплывовыя шэрагі не імкнуўся й ведаў таксама, што насесьці на мяне асабліва не патрапіць. Імкнуўся стаяць адасоблена ад мясцовых законаў, але адразу апынуўся ў супрацьстаяньні зь імі.

Супрацьстаяньне. Пытаньні ўзьніклі адразу ж, у адстойніку. Быў там адзін дзядок, крыху такі на сваёй хвалі, і, зайшоўшы ў камэру, меў неасьцярожнасьць дзеля адсутнасьці месца сесьці на падлогу. Тут і пачалі яго цкаваць – ты маўляў, дзядок, апушчаны, сядзі каля дальняка, да іншых не дакранайся, еж асобна й г.д. Безумоўна, на тое глядзець цяжка, таму безь ніякіх ваганьняў я пачаў абараняць дзядулю. На пачатку мяне не зразумелі, потым на мяне абразіліся, а затым на мяне пачалі накідвацца. Чаго я толькі ні наслухаўся за тыя тры дні ад змагальнікаў за зладзейскую мараль – і што я прыдурак, і што сэктант, і што мяне, калі я не супакоюся, разам з гэтым дзедам у гарэм запішуць, ну й шмат іншых цікавых рэчаў. А што самае дзіўнае, дык гэта тое, што сядзяць гэтыя новаяўленыя барацьбіты зь бесчалавечнаю мусарскою сыстэмаю й разважаюць:

– Ну й падонкі мусара (міліцыянт перацягнуў аднаму зь іх, калі нас вадзілі браць кроў), зь людзей зьдзекуюцца, б’юць іх, прыніжаюць мінімальную чалавечую годнасьць.

І тут жа самі празь некалькі хвілінаў пачынаюць ахайваць дзеда, каторы панудзіўся падняцца з падлогі й пахадзіць па камэры.

– Хлопцы, – кажу я ім, – вы папракаеце міліцыянтаў ў бяспраўі і бесчалавечнасьці, а самі чым адрозьніваецеся ад іх? Адкуль у чалавека, каторы сам штодзённа церпіць зьнявагу, хапае сілаў зьневажаць іншых?

Арыштанты трохі прыціхлі й дзеда болей не чапалі.

Жыцьцёвая выснова. Канфлікт быў вычарпаны. Але я дагэтуль думаю: Госпадзе, дык як жа так уладкавана чалавечае сэрца, каторае, трапіўшы пад узьдзеяньне зла, не знаходзіць сілаў і жаданьня яго спыніць, а памножыўшы шматкроць, нясе гэтае зло іншым?

І ня трэба думаць, што гэта праблема таго месца, у якім я знаходзіўся. Проста ў экстрэмальных умовах чалавечыя якасьці й заганы маюць схільнасьць абвастрацца. Таму й сытуацыя такая, у тым ці іншым фармаце, але ёсьць паўсюль вакол нас. І калі мы агледзімся, дык убачым, наколькі часта самі трапляем у гэты ланцуг, якім зло рухаецца ад аднаго чалавека да другога.

Апостал Павал ведаў гэтую схільнасьць чалавечых сэрцаў і папярэджваў нас: «Ня дайся, каб цябе перамагло зло, але перамагай зло дабром» (Рым. 12:21). Гэтыя словы могуць падацца простымі, бо як часта мы чулі гэта ў сям’і, школе, чыталі ў філязофскіх кнігах. Але як цяжка бывае самому, у штодзённай практыцы, адказаць камусьці на зло дабром. А знайсьці ў сабе сілы зрабіць так можна толькі тады, калі крыніца Божай дабрыні й любові будзе жыць у нашым сэрцы: «Любасныя, будзем любіць адно аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, нарадзіўся ад Бога і ведае Бога. А хто ня любіць, не спазнаў Бога, бо Бог ёсьць любоў» (1 Яна 4:7–8).

І калі нехта з нас жадае спасьцігнуць Госпада, словы гэтыя мусяць быць нашымі арыенцірамі ў барацьбе са злом – як сыстэмы зладзейскай ці міліцэйскай, так і любой іншай. Бо толькі любоў можа перамагчы прасавецкую ідэалёгію й атэізм, дэспатыю й беззаконьне. Толькі любоў да бліжняга можа спыніць гэтае зло, што паўстала на нашай змучанай зямлі.

Менск, Валадарка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0