Жыхары Брэста Сямён і Ірына Дзячок, 2 кастрычніка затрыманыя грузінскай паліцыяй за незаконнае знаходжанне ў Абхазіі, вызваленыя па рашэнні суда, паведамляе БелаПАН.

Па словах Сямёна, яны з жонкай адчуваюць сябе нармальна. "Улады Грузіі паставіліся да нас паблажліва і прысудзілі адзін год умоўна", -- распавёў ён. Спачатку Дзячкоў хацелі пакараць штрафам. "Але мы сказалі, што не маем магчымасць яго заплаціць, паколькі маламаёмасныя. Прыкладна праз месяц будуць гатовыя неабходныя дакументы, і мы зможам пакінуць Грузію", - паведаміў Сямён.

Па словах Дзячака, мэта іх падарожжа з жонкай Ірынай - паломніцтва: "Мы - праваслаўныя вернікі, хацелі наведаць святыя месцы ў Абхазіі, Грузіі, Турцыі, Сірыі і Егіпце".

Пасля амаль трохтыднёвага знаходжання ў турме, яны, магчыма, зменяць планы. "Мы стаміліся і пазней вырашым, ці працягваць падарожжа", - сказаў Дзячок. У чаканні афармлення дакументаў, неабходных для выезду з Грузіі, яны будуць жыць у манастыры.

Як паведаміў прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Андрэй Савіных, "МЗС Беларусі падключыўся да вырашэння праблемы, звязанай з затрыманнем беларускіх грамадзян, адразу пасля атрымання інфармацыі па гэтай справе, яшчэ ў пачатку кастрычніка". Грузінскі бок, па яго словах, "праявіла высокую ступень канструктывізму ў урэгуляванні дадзенага пытання".

Прэс-сакратар адзначыў, што Грузія "разглядае ўезд на тэрыторыю Абхазіі з любой іншай тэрыторыі, акрамя тэрыторыі самой Грузіі, як крымінальнае злачынства, якое прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да чатырох гадоў".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0