Cуд над Зьмітром Дашкевічам распачнецца 30 кастрычніка аб 11-й гадзіне. Ён будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Справу мае разглядаць намесьніца старшыні суду Кастрычніцкага раёну Менску судзьдзя Ала Булаш.

Праваабаронцы маюць свой погляд на матывацыю закрытасьці будучага суду. Гэта нежаданьне грамадзкага розгаласу і афішаваньня сёньняшніх сьледчых тэхналёгіяў, што практыкуюць беларускія праваахоўнікі ў дачыненьні да палітычных апанэнтаў уладаў. Тым ня менш, праваабаронцы, сябры і паплечнікі З. Дашкевіча заклікаюць усіх неабыякавых да салідарнасьці з палітвязьнем і прапануюць прыйсьці 30 кастрычніка да будынку суду на вуліцы Сямашкі, 33, каб падтрымаць яго.

Арыштавалі Зьмітра 15 верасьня, калі ён разам з адвакатам зьявіўся на допыт у пракуратуру. Здарылася гэта пасьля яго вяртаньня з Магілёва, дзе сустрэчу мясцовых моладзевых актывістаў перарваў спэцназ. Хлопца абвінавацілі ва ўдзеле й кіраваньні незарэгістраванай арганізацыяй Малады Фронт.

Паводле артыкулу 193 ч.1 Крымінальнага кодэксу, яму пагражае да двух гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля арышту яго зьмясьцілі ў СІЗА Менску па вул.Валадарскага, ня гледзячы на тое, што дадзены артыкул не прадугледжвае ўтрыманьня пад вартай да суду: маладога чалавека палічылі небясьпечным для грамадзтва. 21 верасьня яму было высунутае афіцыйнае абвінавачаньне.

З Валадаркі Зьміцер дасылае лісты. З аднаго зь іх стала вядома, што яму не перадалі Біблію, на што хлопец пагражаў распачаць галадоўку. Біблію яму ўрэшце дазволілі, але высьветлілася, што ў адной зь ім камэры знаходзяцца хворыя на сухоты, гепатыт і ёсьць адзін ВІЧ-інфікаваны чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?