У пятніцу кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук прэзентаваў сабраныя подпісы. Іх ужо каля 120 тысяч, таму не выключана, што бліжэйшым часам збор подпісаў за гэтага кандыдата спыніцца з мэтай эканоміі сілаў і сродкаў.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што збор подпісаў прадэманстраваў моц партыі. «Таксама мы аказалі гуманітарную дапамогу двум іншым кандыдатам — Уладзіміру Някляеву і Андрэю Саннікаву. На якіх таксама працавалі нашы партыйцы», — сказаў А.Лябедзька. Тым не менш, ніхто не адмяняў рашэння палітрады АГП аб спыненні ці прыпыненні сяброўства ў партыі, у выпадку працы на іншага кандыдата.

Лябедзька лічыць, што рэальная колькасць зарэгістраваных кандыдатаў і тых, хто сабраў неабходную колькасць подпісаў, можа не супадаць. У прыватнасці, ён прывёў у прыклад Віктара Цярэшчанку, зборшчыкаў подпісаў за якога ніхто не бачыў.

Кіраўнік штабу Леў Марголін зазначае, што людзі вельмі актыўна падпісваліся за іх кандыдата. «Частка падпісвалася свядома толькі за Раманчука, а іншыя — за ўсіх апазіцыйных кандыдатаў», — кажа Л.Марголін. У яго родным Барысаве за Раманчука ўдалося сабраць 2500 подпісаў.

Анатоль Паўлаў, які каардынаваў працу ініцыятыўнай групы, кажа, што найменшыя паказчыкі дала Гомельшчына. Гэта ўвогуле нейкі зачараваны рэгіён, бо падпісвацца не хочуць ні за каго з кандыдатаў. Затое добрыя паказчыкі на Магілёўшчыне, асабліва ў Бабруйску. Удалося выйсці на належны ўзровень на Віцебшчыне.

Алег Корбан быў кіраўніком групы па зборы подпісаў у Мінску. Алег кажа, што ўдалося сабраць 40 тысяч. «Правакацый не было. Працавалі ў міры і згодзе», — кажа А.Корбан.
Дарэчы, па словах Алега ў ініцыятыўнай групе ў Мінску працавалі сябры АГП, БСДП, нават КХП‑БНФ, але ніводнага чалавека з «Справядлівага свету».

Дарэчы, Анатоль Паўлаў, які ўзначальвае мінскую гарадскую структуру партыі, хоча, каб Корбан стаў ягоным зменшчыкам на гэтай пасадзе.

Яраслаў Раманчук не губляе надзеі, што можа быць вылучаны адзіны ад апазіцыі. Але гэта ўжо адбудзецца пасля рэгістрацыі кандыдатаў.

Калі гаворка зайшла пра зняццё на карысць Някляева, то Лябедзька зазначыў, што ў іх няма «любімых кандыдатаў». А Паўлаў дадаў, што ў дэмакратычным лагеры «ў АГП няма антаганістаў».

Прэс‑сакратар кандыдата Ганна Красуліна зазначыла, што Раманчук сам актыўна прымаў удзел у зборы подпісаў.

«Галоўнае ўражанне ад кампаніі — людзі губляюць страх», — скончыў выступ Яраслаў Раманчук.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?