Надзеі ўладаў на раптоўнае разьвіцьцё турызму ў Беларусі ня спраўдзіліся. На днях высьветлілася, што нават буйныя турфірмы завалілі выкананьне пляну па аказаньні паслугаў. За гэта каля 250 прафэсіяналаў турбізнэсу, запрошаных пад росьпіс, адсарамацілі па поўнай праграме на нарадзе ў Менгарвыканкаме.
Шмат якія кіраўнікі турфірмаў нават не падазравалі, што іх прадпрыемствы трапілі ў чорны сьпіс. Рэч у тым, што статыстычная справаздачнасьць аказаных паслуг вядзецца адразу па дзьвюх формах. Адна зь іх улічвае аб’ёмы ўсіх аказаных паслуг – і па ёй аўтсайдэраў сярод турфірмаў значна менш. Другая вядзе ўлік больш абмежаванай колькасьці паказьнікаў. Міністэрства статыстыкі і аналізу лічыць аб’ёмы менавіта па ёй і заяўляе, што такі ўлік адпавядае міжнародным стандартам.
Штогадовы прырост аказаных турпаслугаў, на думку ўладаў, мусіць складаць 20%. Летась некаторыя турфірмы дасягнулі гэтых паказьнікаў. За што і расплочваюцца цяпер: пераплюнуць сябе леташніх ня так і проста. Хаця б таму, што насуперак чаканьням ураду паток іншаземных турыстаў у Беларусь ня толькі ня вырас, але і зьменшыўся. Нават транзытныя турысты заглядаюць да нас усё радзей, скарачаюць да мінімуму знаходжаньне ў беларускіх гатэлях. Беларусы таксама сталі менш вандраваць. Іх пужаюць ня столькі высокія цэны, колькі непрадуманыя дзеяньні падаткавых органаў, якія сёлета ўлетку разаслалі ў турфірмы лісты з настойлівай просьбай «здаваць» сваіх кліентаў, якія адпачываюць у Турцыі, Эгіпце, Тунісе. У выніку і ўязныя, і выязныя турысты абышлі беларускія турыстычныя фірмы задаля. Замежнікі праклалі маршруты па суседніх краінах, а беларусы сталі афармляць пуцёўкі ў Расеі, Украіне, Літве, дзе ніхто не пытае, адкуль узяліся грошы на адпачынак.
— Падзеньне аб’ёму пазначаных паслугаў было загадзя запраграмаванае, – лічыць дырэктар адной зь беларускіх турфірмаў. – З турфірмаў патрабуюць рэальна павысіць аб’ёмы, у той час як у нас няма ўласнага аўтобуснага парку, сытуацыя на мяжы, мытні, у гатэлях, дзе з замежнікаў ра-ранейшаму дзяруць тры шкуры, не зьмяняецца. Усе гэтыя праблемы зваліліся на турбізнэс увадначас. Але ніхто ў нашай дзяржаве ня ўзяўся прааналізаваць іх. Значна прасьцей «наехаць» на турфірмы і запатрабаваць ад іх выкананьня няспраўджвальных плянаў