25 кастрычніка ў Мінск прыбудуць эксперты АБСЕ для ўдзелу ў расследаванні абставін гібелі журналіста Алега Бябеніна. Пра гэта паведаміў намеснік кіраўніка Офіса АБСЕ ў Мінску Жандос Асанаў.

«Эксперты прыедуць сёння на працягу дня», — сказаў ён.

Як паведамлялася,

у Беларусь прыедуць патолагаанатам і крыміналіст з Нарвегіі і Швецыі, якія возьмуць удзел у расследаванні абставін гібелі журналіста.

Асноўная частка матэрыялаў расследавання беларускіх праваахоўных органаў па факце гібелі Бябеніна перакладзена на англійскую мову. Праца перакладчыкаў, нанятых АБСЕ, будзе працягнута, паколькі эксперты могуць запатрабаваць якія-небудзь іншыя дакументы. Не выключаецца таксама магчымасць эксгумацыі цела, калі ўзнікне неабходнасць.

Тэрмін правядзення праверкі па факце гібелі Алега Бябеніна працягнуты пракурорам Мінскай вобласці да 3 лістапада.

Комплексная экспертыза цела загінулага завершана толькі часткова.

Нагадаем, цела журналіста, якое вісела ў пятлі, было знойдзена ў яго дачным доме ў вёсцы Пярхурава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці каля 19.00 3 верасня. Органы пракуратуры правяраюць версію аб забойстве і інсцэніроўцы самагубства Бябеніна.

***

Алег Бябенін нарадзіўся ў 1974 годзе. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1990-х гадах працаваў намеснікам галоўнага рэдактара недзяржаўнай газеты «Имя». Заснаваў у 1998 годзе сайт «Хартыя`97» (charter97.org) і быў яго кіраўніком. У яго засталіся жонка і два сыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?