Як сьцьвярджаюць выдаўцы, гэта першае ў Беларусі пэрыядычнае выданьне крыжаванак на роднай мове.

№1 парадуе аматараў беларускага слова густоўнай мовай, добрымі крыжаванкамі і сканвордамі, якаснай паліграфіяй і зручным фарматам. Дзеткам, апроч адмысловых складанак і рэбусаў, будзе цікавая нататка пра гісторыю курганоў.

Кідаецца ў вочы выразны беларускі кантэкст выданьня: на фатаздымках і малюнках адлюстраваныя вядомыя суайчыньнікі — ад клясыкаў літаратуры да сучасных музыкаў, выявы гістарычных мясьцінаў Беларусі. Выпускны рэдактар Тацяна Ваюшына кажа, што гэта прынцыпова: «Мы робім нашае выданьне па-беларуску і такім чынам, каб яно не выпадала з агульнага сусьветнага кантэксту». Частку накладу, а першага нумару надрукавалі ажно 30 000 асобнікаў, плянуецца раздаваць у рэклямных мэтах.

Тацяна распавяла пра парадаксальную сытуацыю, калі нават беларускамоўныя чытачы з насьцярогай успрымаюць новую ініцыятыву: «Большасьць прызвычаілася разгадваць крыжаванкі выключна па-расейску, мы мусім зварушыць гэтую традыцыю».

Калектыў газэты запрашае ўсіх зацікаўленых да супрацы. Першы выпуск рабіўся цалкам уласнымі сіламі. Удзел чытачоў, адмыслоўцаў слова, дапаможа выданьню пазьбегнуць аднастайнасьці. Рэдакцыя з радасьцю надрукуе моўныя гульні чытачоў, прыме да ўвагі ўсе прапановы ды беларускія адпаведнікі для розных відаў крыжаванак. У якасьці варыянту для назвы чайнворду ўжо цяпер выкарыстоўваецца слова сланка, прапанаванае чытачом «Настаўніцкай газэты» Л.Самуціным. Праз 3—4 нумары плянуецца арганізаваць прызавыя конкурсы.

Пісаць трэба на адрас 220002 Менск, а/с 46; E-mail: [email protected].

Газэта распаўсюджваецца праз шапікі «Саюздруку» ды праз падпіску. Але, магчыма, хутка мы пачуем у электрычках сярод прапановаў набыць у дарогу «Камсамолку» і зварот да аматараў беларусіх крыжаванак. З «Крамай крыжаванак» любое падарожжа ня будзе сумнае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?