Не паспелі кастусёўцы як след разгарнуцца, а паўкіламетровая чарга ўжо і рассмакталася.

Традыцыйная для выходных паўкіламетровая чарга перад пунктам пропуску знікла цягам дваццаці хвілін пасля таго, як сярод кіроўцаў пачалі збіраць подпісы за вылучэнне кандыдата ад партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

«Увага з боку памежнікаў з’явілася адразу ж, калі мы пачалі збіраць подпісы», — кажа адзін з сяброў ініцыятыўнай групы Віктар Клімус. — «Спачатку нам прапаноўвалі адыйсці да пляцоўкі дзе месцяцца кафэ і банкі — дзесьці за кіламетр ад шлагбаўма. Тлумачылі спачатку, што гэта памежная зона, пасля, што машыны рухаюцца і знаходзіцца на дарозе небяспечна. А там нібыта нам будзе ўтульна і хораша. Мы адмовіліся, бо палічылі збор у тым месцы менш эфектыўным, а законных прычынаў забараніць нам працаваць тут не знайшлося. Пасля ужо іншы афіцэр, здаецца маёр, патлумачыў прычыну праверкі дакументаў тым, што мы знаходзімся ў памежнай зоне».

Па словах удзельнікаў, выніковасць збору была вельмі добрая: прыкладна за 10 хвілін кожны з іх паспеў падпісаць не менш за 11—15 чалавек.

Аднак натхненне на добрую працу напаткала не толькі чальцоў каманды Кастусёва. На ўездзе на памежны пераход запаліўся зялёны сігнал, які не згасаў, пакуль апошняя машына з чаргі не знікла за шлагбаўмам.

«Могуць жа працаваць, калі захочуць», — жартавалі сябры ініцыятыўнай групы. — «Канкурэнцыя ва ўладзе сапраўды прымушае чыноўнікаў варушыцца».

Шкада толькі, што гэтай канкурэнцыі ў Беларусі настолькі мала, што хапае на лічаныя выпадкі, а далёка не на кожны дзень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?