Сьпявак і кампазытар Аляксандар Патліс (гурт "Новы Ерусалім") прыехаў учора ў будынак царквы "Новае жыцьцё", каб падтрымаць удзельнікаў посту-галадоўкі. Ён папрасіў прабачэньне за тое, што змог прыехаць толькі на 19-ты дзень галадоўкі, паколькі ўдзельнічаў у дабрачынным туры па Беларусі "Чыстае сэрца". Гэты тур скончыўся ў мінулую нядзелю канцэртам у сталіцы.
Шматлікія вернікі, якія прыехалі ў царкву "Новае Жыцьцё" з розных гарадоў краіны, не змаглі трапіць на гэтыя канцэрты сьпевака, паколькі яны супалі зь іхным удзелам у акцыі пратэсту. Таму хрысьціяне цікавіліся ў Аляксандра Патліса, як прайшоў выступ у іх родных гарадох.
Артыст падарыў жанчынам кветкі і выказаў сваё захапленьне іх мужнасьцю.
"Вы стаіцё тут за праўду. Мы на сваіх канцэртах на сцэне таксама стаялі за праўду, якая ёсьць Ісус Хрыстос, абвяшчаючы, што толькі ў Ім ёсьць сіла", – адзначыў Аляксандар Патліс. Ён распавёў, што моліцца аб вырашэньні праблем "Новай царквы". Заўтра сьпявак зьяжджае на моладзевую канфэрэнцыю ва ўкраінскі горад Мелітопаль, дзе абяцаў распавесьці аб сытуацыі зь беларускімі пратэстантамі.