У 2011 годзе беларускія турысты могуць атрымаць магчымасць адпачываць у Харватыі без віз.

Пра гэта паведаміў журналістам дзяржсакратар па турызме Міністэрства турызму Харватыі Бранка Гыргіч 27 кастрычніка пасля адкрыцця выставы «Турбізнес-2010» у Мінску.

Паводле яго слоў, Міністэрства турызму Харватыі прапанавала свайму ўраду ўключыць Беларусь у спіс краін, для якіх здымаюцца візы на час летняга сезона. Летась да такіх дзяржаў былі аднесеныя Расія і Украіна.

«90%, што будуць знятыя візы на час летняга адпачынку на 6 месяцаў (з 1 мая па 1 лістапада) і для Беларусі», — сказаў Гыргіч.

Дзяржсакратар адзначыў, што ўмовай для зняцця віз з’яўляецца заключэнне пагаднення паміж Беларуссю і Харватыяй аб супрацоўніцтве ў сферы турызму, якое падпісана сёння ў Мінску.

У сваю чаргу намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Чэслаў Шульга паведаміў, што пагадненне прадугледжвае дадатковае інфармацыйнае ўзаемадзеянне ў сферы турызму паміж краінамі. Плануецца абмен вопытам у частцы падрыхтоўкі турыстычных кадраў, абмяркоўваецца магчымасць стварэння прамога авіярэйсу паміж Беларуссю і Харватыяй.

Акрамя таго, адзначыў Шульга, беларускі бок спадзяецца прыцягнуць патэнцыяльных інвестараў з Харватыі, якія б маглі ўкладваць сродкі ў развіццё сеткі гатэляў у Беларусі.

Бранка Гыргіч выказаў надзею, што пагадненне зніме ўсе бар’еры, што існавалі паміж дзвюма краінамі ў сферы турызму. Беларускі рынак турпаслуг цікавы для Харватыі, падкрэсліў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?