Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына не выключае, што пасля завяршэння кар’еры ў якасці кіраўніка Цэнтрвыбаркама будзе балатавацца ў дэпутаты парламента. Пра гэта яна заявіла, адказваючы на пытанні чытачоў штотыднёвіка «Аргументы і факты».

Праўда, пры гэтым кіраўнік ЦВК адзначыла, што пакуль выбарчыя кампаніі яе цікавяць толькі з пункту гледжання іх арганізацыі.

«Справа ў тым, што ўдзел у выбарах прадугледжвае не толькі веданне набору тэхналагічных аперацый.

Гэта стан душы і гатоўнасць змагацца за пэўны пост.
Акрамя таго, трэба быць авантурным, не мець комплексаў і страхаў. Гэта альбо ёсць, альбо няма. Я — чалавек, пазбаўлены рызыкі ў прынцыпе, таму ніколі не гуляю ні ў якія гульні. Проста нецікава. Не разумею, як, напрыклад, можна перажываць на скачках або падчас латарэі. Але сказаць, што ніколі не буду гэтага рабіць, таксама не магу.
Хто яго ведае, можа, на пенсіі вазьму і пайду ў дэпутаты. Усё можа быць»,
 — сказала Лідзія Ярмошына.

Варта адзначыць, што па ўзросце (а Лідзія Ярмошына нарадзілася 29 студзеня 1953) кіраўнік ЦВК Беларусі ўжо даўно з’яўляецца пенсіянеркай. Але закон дазваляе дзяржслужбоўцам працягваць працоўную дзейнасць да 65 гадоў.

Цяперашнія прэзідэнцкія выбары стануць ужо 10-й выбарчай кампаніяй, якую Лідзія Ярмошына праводзіць у якасці кіраўніка ЦВК. Вынікі ніводнай з іх не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю.

Ярмошына таксама застаецца ў спісе асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краін — сябраў Еўрапейскага саюза, як адна з арганізатараў фальсіфікацый народнага волевыяўлення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?