31 кастрычніка ў Менску адбылося традыцыйнае шэсце ў Курапаты.

Выніковы відэарэпартаж:

Як і заўжды, сёлета яго ладзіла Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ. Шэсце атрымалася спакойным і урачыстым. Нават блізкасць выбараў не здолела яго палітызаваць.

У самім шэсці актыўны ўдзел узяла і Партыя БНФ, іншая частка колісь адзінага Народнага Фронту.

Ад пачатку ў ім удзельнічаў старшыня партыі Аляксей Янукевіч і кандыдат на прэзідэнцкую пасаду Рыгор Кастусёў. Узялі ўдзел у «Дзядах» і іншыя кандыдаты. Андрэй Саннікаў, Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч і Уладзімір Някляеў.
Тры першыя нейкі час ішлі разам з калонай, актыўна размаўляючы з удзельнікамі шэсця, а Някляеў пад’ехаў на мітынг. Падчас мітынгу кіраўніцтва КХП-БНФ — Юрась Беленькі і Валер Буйвал — выступілі з асуджэннем злачынстваў савецкай сістэмы, здейсненых у Беларусі, а таксама зачыталі адмысловае пасланне кіраўніка КХП-БНФ — Зянона Пазняка. Пасланне, акрамя нагадвання аб значнасці урочышча Курапаты для лёсу Беларусі і беларусаў, утрымлівала і палітычныя заявы. У прыватнасці, заклік байкатаваць бліжэйшыя прэзідэнцкія выбары. Непрацяглы мітынг скончыўся гімнам-малітвай «Магутны Божа».
14:51

Юрась Беленькі скончыў мітынг. Напрыканцы прамовы ён заклікаў людзей 7 лістапада далучыцца да жалобнага шэсця ў Лошыцкі яр, каб і там ушанаваць ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Цяпер людзі ўсталёўваюць крыжы і запальваюць знічкі.

14:38

Намеснік старшыні КПБ‑БНФ Юрась Беленькі ў сваёй прамове адзначыў, што менавіта з Курапатаў у свой час пачалося нацыянальнае Адраджэнне. Таксама Беленькі зрабіў экскурс у зусім нядаўнюю гісторыю, калі моладзь не дала збудаваць праз урочышча кальцавую дарогу.

Валеры Буйвал зачытаў зварот ад Зянона Пазянка. Сярод іншага, старшыня КХП‑БНФ заклікаў не прымаць удзел у фальшывых выбарах.

Юрась Беленькі ўспомніў трагедыю, што здарылася на гэтым тыдні ў Пінску. Палітык заклікаў ушанаваць загіблых у гэтым горадзе хвілінай маўчання.

14:11

На гары ва ўрочышчы Курапаты пачынаецца мемарыяльны мітынг. Людзі выстраіліся колам вакол арганізатараў. Прамаўляць будуць найперш сябры КХП‑БНФ. Наўрад ці нехта выступаць з кандыдатаў у прэзідэнты.

Дарэчы, да акцыі далучыўся лідар кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў.

14:06

Удзельнікі акцыі дайшлі да ўрочышча.

Людзей вельмі шмат. Надвор’е таксама ўсміхаецца дэманстрантам — цэлы дзень свеціць сонейка.

13:47

Шэсце дайшло да кальцавой.

12:35

Шэсце зараз знаходзіцца на перасячэнні вуліц Сядых і Каліноўскага.

Людзей паболей. Зараз у акцыі прымае ўдзел прыкладна 700 чалавек.

Людзі гукаюць «Жыве Беларусь!». Жанчыны з КХП‑БНФ спяваюць беларускія песні. Моладзь час ад часу спрабуе запець нешта з «народнага альбому».

Адзін з арганізатараў акцыі на «Дзяды» Юрась Беленькі адмовіўся каментаваць хаду мерапрыемства. Ён зазначыў, што ўсё будзе сказана ва ўрочышчы Курапаты.

12:11

Шэсце паварочвае з праспекту Незалежнасці. Людская калона расцягнулася прыкладна на 300 метраў.

Прыйшоў на акцыю Павел Севярынец.

Ёсць здымачная група НТВ, шмат іншых журналістаў.

11:49

Віталь Рымашэўскі, які балатуецца на выбарах ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, прыйшоў на шэсце разам з маленькай дачкой.

Рымашэўскі кажа, што важна помніць пра гэтыя трагічныя падзеі з гісторыі Беларусі, каб не ператварыцца ў манкуртаў.

11:45

Людзі дайшлі да Нацыянальнай бібліятэкі.

Кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч кажа, што для яго ўдзел у Дзядах традыцыйны.

«Я не толькі ўшаноўваюць памяць усіх ахвяраў рэпрэсій, але і з асабістых прычын. У 1938 годзе быў расстраляны мой дзед па кудзелі», — кажа М.Статкевіч.

Сацыял‑дэмакраты Статкевіча возьмуць удзел толькі ў пачатку акцыі, потым яны сыдуць на усходнія могілкі, каб ушанаваць памяць Міхася Ткачова.

Мікалай Статкевіч падзякаваў КХП‑БНФ за штогадовую арганізацыю шэсця, і за дагледжванне мемарыялу ў Курапатах.

11:28

Кандыдат у прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў кажа, што для яго гэта «справа гонару ўдзельнічаць у такіх акцыях».

«Неабходна ўшаноўваць усіх ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, што былі здзейснены на тэрыторыі Беларусі. А па‑другое, для мяне прайсціся пад бел‑чырвона‑белым сцягам па вуліцах Менску — заўсёды свята», — зазначыў палітык.

Зараз Рыгор Кастусёў і Аляксей Янукевіч з’язджаюць у Магілёў, каб правесці сустрэчы з актывам, а таксама ўшанаваць ахвяраў рэпрэсій там.

11:25

Удзельнікі акцыі дайшлі да станцыі метро «Маскоўская».

Візуальна людзей на сёлетняй акцыі больш, чым было летась.

Вельмі шмат сцягоў. Прыкладна 60‑70.

Удзельнічаюць у мерапрыемстве Віктар Івашкевіч і Вячаслаў Сіўчык.

11:07

Шэсце пачалося. У ім удзельнічае каля 400 чалавек.

З’явіліся новыя расцяжкі «КХП‑БНФ», «Ушануйма ахвяраў Курапатаў», яшчэ адна «Дзяды».

З’явіліся крыжы, іх каля дзесяці. Крыжы збіваліся ў скверы да парка Чалюскінцаў.

Ёсць сцягі «Маладой Беларусі». Прысутнічае некалькі чалавек з «Гавары праўду», але самога Уладзіміра Някляева няма.

Прыйшоў Мікалай Статкевіч.

Нельга адназначна казаць людзей якога пакалення больш на акцыі. Бо ёсць, як і пенсіянеры, так і моладзь.

Скандзіруюць «Жыве Беларусь!».

10:48

Ля гадзіннікавага заводу сабралася каля 200 чалавек. Вельмі шмат сцягоў. Пераважаюць, натуральна, бел‑чырвона‑белыя. Але ёсць і сцягі «Маладога фронту», БХД, БНФ, «Еўрапейскай Беларусі», гораду Мінску.

З кандыдатаў у прэзідэнты на зборы прысутнічаюць Рыгор Кастусёў і Андрэй Саннікаў. Група «Еўрапейскай Беларусі» ў сініх шаліках групуецца каля свайго лідара.

Традыцыйных крыжоў пакуль не бачна. Людзі ўжо пачынаюць шыхтавацца. Наперадзе расцяжка «Дзяды», а таксама «Малады фронт». Людзям раздаюць павязкі «Дзяды».

Вельмі шмат «ціхароў».

Прысутнічаюць Юрась Беленькі, Аляксей Янукевіч, Артур Фінькевіч, Зміцер Дашкевіч.

Нямнога, але прыехалі людзі і з рэгіёнаў. Прынамсі, з Віцебска і Магілёва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?