«У найбліжэйшы час мы з вамі сустрэнемся, але вы павінныя будзеце перад гэтым разгледзець пытанне аб стварэнні сумеснага прадпрыемства»,
 — заявіў сёння А. Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўніком нямецкай кампаніі Strabag Umweltanlagen GmbH.

У лістападзе 2008 быў падпісаны ўказ № 617 аб будаўніцтве ў Брэсце завода па перапрацоўцы смецця.

Strabag Umweltanlagen GmbH уваходзіць у склад буйнога аўстрыйскага будаўнічага холдынгу Strabag SE. Асноўны напрамак холдынгу — будаўніцтва транспартнай інфраструктуры, у краінах Усходняй Еўропы і былога СССР — камерцыйная нерухомасць і элітнае жыллё.

«Далейшыя перспектывы нашага супрацоўніцтва будуць залежаць ад рэалізацыі дадзенага праекту, а па-другое — ад стварэння сумеснага прадпрыемства, але не на паперы, а ўжо на справе», — сказаў Лукашэнка, нагадаўшы, што ўвод у эксплуатацыю гэтага завода плануецца ў чэрвені 2011. Ужо да гэтага часу, па яго словах, мусіць быць створанае сумеснае прадпрыемства.

«Калі гэтае СП будзе працаваць і вырабляць абсталяванне, то мы разгледзім магчымасць будаўніцтва такіх заводаў у іншых гарадах краіны», — сказаў Лукашэнка.

У 2007 Rasperia Trading, што належыць расійскаму алігарху Алегу Дзерыпаску, стала акцыянерам Strabag, купіўшы за 1,2 млрд еўра каля 30% кампаніі, якія ў выніку IPO ператварыліся ў 25% мінус 1 акцыя.

Праз крызіс Дзерыпаска быў вымушаны закласці гэты пакет акцый. Іншыя акцыянеры Strabag — Raiffeisen / Uniqa Group і сям’я кіраўніка холдынгу Ханса-Петэра Хазельштайнера — далі Дзерыпаску крэдыт на 500 млн еўра, бо хацелі захаваць партнёрства і не страціць перспектыўны расійскі рынак. І хоць яны чатыры разы пераносілі тэрмін пагашэння крэдыту, Rasperia Trading так і не змагла яго выплаціць, і ў канцы красавіка мінулага года яе пакет акцый перайшоў ва ўласнасць акцыянераў Strabag.

Лукашэнка сёння выказаў гатоўнасць абмеркаваць іншыя прапановы нямецкай кампаніі аб супрацоўніцтве ў сферы энергетыкі.

Strabag Umweltanlagen GmbH акрамя будаўніцтва заводаў па перапрацоўцы смецця займаецца водаачышчальнымі збудаваннямі і вытворчасцю біягазу.

Згодна з указам № 617 Strabag Umweltanlagen GmbH абавязалася за кошт крэдытных рэсурсаў ЕБРР увесці ў эксплуатацыю аб’ект «Механіка-біялагічная ўстаноўка па апрацоўцы 100 тыс. тон у год цвёрдых бытавых адкідаў і да 370 тыс. куб. метраў у год глею і асадкаў сцёкавых водаў у г. Брэсце» па тэхналогіі фірмы LINDE-KCA-DRESDEN GmbH (Германія).

Пры гэтым магутнасці па ачыстцы сцёкавых водаў меркавалася запусціць у 2-м квартале 2010, устаноўку па перапрацоўцы цвёрдых адкідаў — у 2-м квартале 2011.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?