Гутарка з палітолягам Дзянісам Мельянцовым пра сучасную Амэрыку і ўплыў яе замежнай палітыкі на сытуацыю ў Беларусі.

«Наша Ніва»: Пачнём з таго, што выясьнім, чым усё ж ёсьць Амэрыка сёньня?

Дзяніс Мельянцоў: Гэта недзе банальная фраза, але ЗША – гэта адзіная звышдзяржава ў сьвеце, якая засталася пасьля распаду Савецкага Саюзу, таму на Амэрыку ўскладаецца шмат адказнасьці. Падчас халоднай вайны ЗША адыгрывалі ролю своеасаблівага флягмана дэмакратыі, на які арыентаваліся дэмакратычныя альбо тыя, якія хацелі б стаць дэмакратычнымі, краіны. Пасьля падзеньня жалезнае заслоны краіны былога сацлягеру таксама сталі арыентавацца на Амэрыку. Зь іншага боку, сытуацыя, калі Злучаныя Штаты засталіся адзінай звышдзяржавай, цягне за сабой актывізацыю іхнай замежнай палітыкі, што ставіць адной са сваіх мэтаў перафарматаваньне міжнароднай сыстэмы, зыходзячы з амэрыканскіх стандартаў. У сыстэме, дзе адсутнічае балянс сілаў, Амэрыка часта дзейнічае па-за міжнароднымі рэжымамі і шматбаковымі працэдурамі.

Гэткія дзеяньні выклікаюць шмат прэтэнзіяў. Адсюль і такая зьява, як антыамэрыканізм і часткова антыглябалізм, бо глябалізацыя праходзіць таксама збольшага паводле амэрыканскіх стандартаў.

Амэрыка карыстаецца несумненным даверам з боку апазыцыі

«НН»: Што ж тады такое ЗША для Беларусі?

ДзМ: Тут залежыць ад таго, што маем наўвеце пад тэрмінам Беларусь. Калі мы гаворым пра афіцыйны Менск, дык ЗША ўяўляюцца як гегемон, які спрабуе падпарадкаваць сабе незалежныя і свабодалюбівыя дзяржавы. ЗША, такім чынам, становяцца вобразам ворага, які мусіць кансалідаваць беларускае грамадзтва. Такі вораг карысны, калі ўладзе трэба на кагось сьпісаць свае абмылкі ва ўнутранай палітыцы, патлумачыць абмежаваньне правоў і свабодаў і г.д.

Калі мы гаворым пра незалежнае грамадзтва, дык, натуральна, Злучаныя Штаты застаюцца ўзорам пабудовы дэмакратычнай дзяржавы. Такім узорам таксама магла б выглядаць Эўропа, аднак трэба памятаць, што ЗША, у адрозьненьне ад Эўропы, заўжды праводзілі больш жорсткую і пасьлядоўную палітыку што да падтрымкі апазыцыі і ніколі не спрабавалі ісьці на саступкі беларускім уладам, якія маглі б нашкодзіць дэмакратычнаму грамадзтву. Таму Амэрыка карыстаецца несумненным даверам з боку апазыцыі.

Антыамэрыканізм падаграюць лідэры традыцыйных грамадзтваў

«НН»: Зьява антыамэрыканізму, якая шырыцца ў сьвеце, што гэта такое? Чаму нават сярод беларускае дэмакратычнае грамады існуюць пачаткі гэтай зьявы? Ці антыамэрыканізм ахапіў усе пласты беларускага насельніцтва?

ДзМ: Калі ў шырокім кантэксьце браць на разгляд такую зьяву, як антыамэрыканізм, то яна карэніцца ў сучаснай канфігурацыі сыстэмы міжнародных дачыненьняў – адзіная звышдзяржава – і ў выкліках глябалізацыі. Аднапалярнасьць вядзе да пашырэньня ўплыву ЗША на сусьветныя працэсы і прысутнасьці амэрыканскіх інтарэсаў паўсюль на плянэце. Натуральна, што гэта выклікае процідзеяньне з боку традыцыйных грамадзтваў, лідэры якіх страчваюць сваю ўладу ў новых умовах. А з другога боку – такія дзеяньні не задавальняюць іншыя цэнтры сілы, такія як Кітай ці Эўрапейскі Зьвяз.

Нягледзячы на тое, што Эўропа і ЗША разьвіваюцца ў межах адной цывілізацыі і падзяляюць адзіныя каштоўнасьці, у іх зусім розны погляд на сьвет і спосабы правядзеньня замежнай палітыкі. Маецца на ўвазе супрацьпастаўленьне унілятэралізму (аднабаковасьці) ЗША і мультылятэралізму (шматбаковасьці) ЭЗ.

Што датычыць Беларусі, то беларускі антыамэрыканізм складаецца з канфлікту каштоўнасьцяў, зайздрасьці і рэліктаў сьвядомасьці часу халоднай вайны. Ён культывуецца як інструмэнт кансалідацыі грамадзтва ва ўмовах дэкляраванага варожага атачэньня.

Што да антыамэрыканізму ў дэмакратычным асяродку, дык ён узьнікае, магчыма, дзеля наяўнасьці ў розных палітычных суб’ектаў розных арыенціраў. Пэўныя колы апазыцыі арыентаваныя на Амэрыку, іншыя – на Эўропу, у якой тыя ж каштоўнасьці, але другія шляхі іх рэалізацыі, таму, напрыклад, сацыяльная палітыка эўрапейскіх краінаў больш прывабная, скажам, для нашых сацыял-дэмакратаў, чым палітыка адміністрацыі Буша. Але тут мы кажам пра антыамэрыканізм іншага кшталту чым той, які прапагандуе БТ і іншыя дзяржаўныя СМІ.

ЗША ня маюць у Беларусі жыцьцёвых інтарэсаў

«НН»: Ці быў у Амэрыкі калі-небудзь рэальны шанец неяк істотна паўплываць на гісторыю Беларусі?

ДзМ: Калі мець на ўвазе наўпроставы ўплыў, дык тут вельмі цяжка аб нечым гаварыць, бо ЗША мае небагаты інструмэнтар уплыву на беларускую палітыку. Калі мы ўвогуле гаворым пра вонкавы ўплыў на Беларусь другой краіны, то тут можна прыгадаць толькі Расею, але таксама з агаворкамі. І ў другой палове 90-х, і на пачатку новага стагодзьдзя Штаты распачыналі некалькі палітычных дэмаршаў што да Беларусі (прыгадаем хаця б «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі»), але яны не далі плёну. Відаць, гэта праз тое, што ЗША ня мае ў Беларусі жыцьцёва важных інтарэсаў. Калі б яны меліся, дык і палітыка Белага дому адносна Беларусі была б больш мэтанакіраваная і, галоўнае, эфэктыўная. Яны не гатовыя пакуль цалкам уцягвацца ў вырашэньне беларускага пытаньня.

«НН»: Калісьці гучалі меркаваньні, што праз амэрыканскія бамбёжкі Югаславіі захлынулася антылукашэнкаўская кампанія 1999 году...

ДзМ: У 1999 г. напярэдадні косаўскай вайсковай кампаніі беларускія ўлады самі вельмі добра папрацавалі, каб ня даць адбыцца альтэрнатыўным выбарам: былі праведзеныя кадравыя перастаноўкі ва ўрадзе, перарэгістрацыя арганізацыяў і г.д. Косаўская кампанія толькі паспрыяла таму, што ўвага міжнароднай грамадзкасьці была адцягнутая ад Беларусі. У гэтых умовах улады здолелі хутка і без залішняга розгаласу расправіцца са сваімі палітычнымі апанэнтамі.

Я ня бачу наўпроставай залежнасьці паміж адміністрацыяй Буша і цэнамі на нафту

«НН»: Многія палітолягі лічаць, што завоблачныя цэны на нафту апошнія гады зьвязаныя з пэрсонай Буша-малодшага, які нібыта адлюстроўвае інтарэсы нафтавага лобі. На высокіх цэнах на нафту ў многім і трымаецца беларускі эканамічны цуд.

ДзМ: Я ня бачу наўпроставай залежнасьці паміж адміністрацыяй Буша і цэнамі на нафту. Цэны на нафту залежаць у першую чаргу ад палітычнай стабільнасьці нафтаносных рэгіёнаў і бесьперапынных яе паставак. Любыя вайсковыя дзеяньні на Блізкім ці Сярэднім Усходзе аўтаматычна вядуць да ўзрастаньня цэнаў на энэрганосьбіты.

«НН»: О’кей. Але нехта ж прымаў рашэньне пра пачатак вайны ў Іраку?

ДзМ: Ня варта спрашчаць матывацыі амэрыканскай адміністрацыі. Мяркую, што высокая цана нафты захаваецца, пакуль ЗША ня здолеюць канчаткова стабілізаваць сытуацыю ў Іраку і забясьпечыць тым самым бесьперашкодныя пастаўкі нафты.

Беларуская дыяспара ў ЗША традыцыйна падтрымлівае Рэспубліканскую партыю

«НН»: Беларуская дыяспара ў ЗША традыцыйна падтрымлівае Рэспубліканскую партыю на выбарах. Ці адпавядае гэта нацыянальным інтарэсам Беларусі на сёньняшнім этапе?

ДзМ: Я, па шчырасьці, ня веру, што падтрымка ці непадтрымка дыяспарай рэспубліканскай адміністрацыі нейкім чынам адбіваецца на палітычнай сытуацыі ў Беларусі ці на падтрымцы апазыцыі з боку насельніцтва. Пераважная большасьць беларусаў наўпрост ня ведае пра існаваньне згуртаванай беларускай дыяспары і тым больш не цікавіцца ейнымі палітычнымі прыхільнасьцямі. Таму ўплыў на грамадзкую думку фактару падтрымкі або непадтрымкі кагосьці беларускай дыяспарай ня варта перабольшваць.

ЗША застаюцца прыцягальнымі для маладых дэмакратыяў

«НН»: Ці мусіць Беларусь ісьці, як той казаў, «у фарватэры амэрыканскай палітыкі» пасьля дэмакратычных пераўтварэньняў у нашай краіне?

ДзМ: Гэта пытаньне арыенціраў тых палітыкаў, якія прыйдуць да ўлады ў Беларусі. Злучаныя Штаты на сёньня застаюцца адзінай супэрдзяржавай з дэмакратычным ладам кіраваньня. Таму яны застаюцца прыцягальнымі для маладых дэмакратыяў, такіх, як дзяржавы Ўсходняй Эўропы. Аднак актыўная замежная палітыка ЗША, якая імкнецца выйсьці па-за межы міжнародных рэжымаў і шматбаковых працэдур (ААН, АБСЭ, нават НАТО), выклікае шматлікія пытаньні. Да таго ж існуюць іншыя прыклады пасьпяховага разьвіцьця ў межах дэмакратычных інстытутаў. Я маю на ўвазе Эўропу, якая паступова ператвараецца ў сур’ёзную палітычную сілу. Яна бліжэйшая да нас і геаграфічна, і гістарычна, і культурна. Мабыць, на яе варта арыентавацца.

«НН»: Ці можа бліжэйшым часам нехта перахапіць сусьветную гегемонію Штатаў?

ДзМ: У найбліжэйшай пэрспэктыве (да дзесяцігодзьдзя) гэта практычна немагчыма. На пяты ЗША наступае Кітай, які мае вялізны патэнцыял, найперш людзкі, які будзе пашырацца. Цяпер Кітай пакуль што ня ставіць перад сабой экспансійных мэтаў, ён будзе нарошчваць сваю эканамічную магутнасьць. Пасьля таго як Кітай зьдзейсьніць комплексную мадэрнізацыю, ён пачне актыўна канкураваць са Злучанымі Штатамі і ў іншых сфэрах. У эканамічным пляне наймагутнейшым канкурэнтам ЗША цяпер ёсьць Эўрапейскі Зьвяз.

«НН»: Дык а чаму Амэрыка можа страціць гэтае сусьветнае лідэрства?

ДзМ: Гэта можа быць сытуацыя, калі Амэрыка загразьне ў вайсковых канфліктах. Яны могуць сур’ёзна падарваць яе моц.

Войны могуць папросту надакучыць амэрыканскаму грамадзтву, і наступная адміністрацыя будзе вымушана праводзіць палітыку ізаляцыянізму і займацца вырашэньнем сваіх уласных праблемаў.

Болей на тэму:

процілеглыя меркаваньні пар ЗША і іх уплыў на сьвет і Беларусь чытайце на палосах "Камэнтароў і меркаваньняў" ў №39 "Нашай Нівы".

На гэту тэму гл. таксама:

Ці ёсьць альтэрнатыва дамінацыі ЗША? Так. Гэта хаос, – мяркуе Ўолтэр Расэл Мід.

Амэрыка нічым ня лепшая за іншыя імпэрыі. Свой уласны тэрарызм Амэрыка называе барацьбой з тэрарызмам, – кажа амэрыканскі дысыдэнт нумар адзін Наам Хомскі.

Амэрыка, Амэрыка… Процілеглыя меркаваньні пра ЗША і іхны ўплыў на сьвет і Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?