У Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці знойдзенае раней невядомае закінутае пахаванне ахвяраў Халакосту. Пра гэта паведаміў жыхар Браслава, краязнаўца Аляксандр Сапліца, былы настаўнік Літашынскай базавай школы Слабадкоўскага сельсавета Браслаўскага раёна.

Па словах Сапліцы,

пахаванне знаходзіцца каля тэрыторыі, на якой раней размяшчалася вёска Яйсы Слабадкоўскага сельсавета, знішчаная падчас Другой сусветнай вайны
(прыкладна кіламетр на паўночны ўсход ад аўтамагістралі Браслаў — Віцебск).

Апытаўшы мясцовых жыхароў Сапліца высветліў, што ў час акупацыі нацыстамі Браслаўшчыны улетку 1942 усё насельніцтва невялікі яўрэйскай вёскі Яйсы, дзе жылі некалькі дзясяткаў сем’яў рамеснікаў, гандляроў і земляробаў, было вывезенае ў Браслаўскае гета.

Але 13 сялян — у асноўным мужчыны ад 18 да 60 гадоў — былі расстраляныя на месцы паліцаямі і пахаваныя на заходняй ускраіне вёскі — кожны ў асобнай магіле.
Пасля вайны на гэтым месцы — былой раллі, якая зарасла хмызняком, — быў усталяваны памятны знак, але ўжо ў 1960-я гады пахаванне закінулі. Падчас пасляваеннай меліярацыі на месцы былых паселішчаў былі знойдзеныя залатыя манеты розных гістарычных перыядаў, якія, як лічыць краязнаўца, належалі жыхарам вёскі Яйсы. Месца пахавання ахвяр Халакосту дакладна ведае сусед Сапліцы Іван Шлапака 1939 году нараджэння і яго родная сястра, 83-гадовая Юзэфа з вёскі Плябанцы, што прыкладна за кіламетр на захад ад Яйсаў.

Як лічыць Сапліца, 52-ы асобны пошукавы батальён упраўлення ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Міністэрства абароны мусіць правесці эксгумацыю парэштак ахвяраў Халакосту і вырашыць іх далейшы лёс разам з роднымі і блізкімі забітых. Паводле яго словаў, імёны загінулых пакуль невядомыя, але іх можна ўзнавіць па архіўных дакументах. Вядома толькі, што аднаму з жыхароў Яйсаў удалося выратавацца, і пасля вайны ён жыў у Канадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?