Падчас перамоваў з уладамі Беларусі акрамя прагматычных эканамічна-палітычных пытанняў неабходна дамагацца прагрэсу ў захаванні правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў. Пра гэта ідзецца ў заяве шэрагу міжнародных грамадскіх і праваабарончых арганізацый, распаўсюджанай напярэдадні візіту ў Мінск міністраў замежных спраў Польшчы і Германіі.

Нагадаем, 2 лістапада адбудзецца сумесны візіт у Мінск кіраўнікоў МЗС Польшчы і Германіі Радаслава Сікорскага і Гіда Вэстэрвэле, падчас якога запланаваныя іх стустэчы як з кіраўніцтвам Беларусі, гэтак і з кандыдатамі на прэзідэнта ад апазіцыі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

Аўтары звароту, пад якім падпісаліся арганізацыя Belarus Watch (Літва), Libereco — Партнёрства ў імя правоў чалавека (Германія), Беларускі Дом правоў чалавека (Літва), «Грамадзянская Беларусь» (Чэхія) і Фундацыя Дамоў правоў чалавека (Нарвегія), вітаюць дыялог паміж уладамі Беларусі і краінамі Еўразвязу, аднак звяртаюць увагу на «па-ранейшаму актуальную праблему недатрымання Беларуссю асноўных правоў чалавека».

«Заклікаем прадстаўнікоў уладаў Еўразвязу звярнуць увагу на тое, што ў Беларусі зазнаюць пераслед палітычныя апаненты ўлады і незалежныя журналісты, прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды, не забяспечаная свабода слова, сходаў і аб’яднанняў, — ідзецца ў заяве. — Улічваючы, што візіты высокапастаўленых еўрапейскіх палітыкаў паспяхова выкарыстоўваюцца ўладамі Беларусі як знак падтрымкі заходніх краін цяперашняму прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку напярэдадні маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў, просім, каб у ходзе кантактаў з уладамі на парадку дня абавязкова прысутнічала тэма каштоўнасцяў справядлівасці, дэмакратыі, чалавечай годнасці».

Сярод пытанняў, якія, на думку праваабаронцаў, Вэстэрвэле і Сікорскі павінны ўзняць на перамовах у Мінску — «вызваленне палітзняволеных (Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і інш.), спыненне крымінальнага пераследу незалежных журналістаў, увядзенне мараторыя і скасаванне смяротнага пакарання, скасаванне артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса, што прадугледжвае пазбаўленне волі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, правядзенне вольных і справядлівых прэзідэнцкіх выбараў.

Нагадаем, што напярэдадні візіту Гіда Вэстэрвэле заявіў у інтэрв’ю нямецкім СМІ, што яны не будуць умешвацца ў перадвыбарную барацьбу, «аднак з усёй выразнасцю дамо зразумець, што мы з вялікай заклапочанасцю ўспрымаем дзяржаўныя рэпрэсіі напярэдадні выбараў». Пры гэтым міністр дадаў, што пры ўмове выбару Беларуссю дэмакратычнага курса стане магчымым яе далейшае збліжэнне з Еўропай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?