Пра другі выпуск альманаха «Асоба і час» піша Анатоль Сідарэвіч.

Што я ведаў пра генерала Кіпрыяна (Цыпрыяна) Кандратовіча? Не больш за тое, што прачытаў у чацвёртым томе Энцыклапедыі гісторыі Беларусі ды ў тэкстах дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Цяпер я ведаю нашмат больш, бо ў другім выпуску беларускага біяграфічнага альманаха «Асоба і час» прачытаў нарыс Леаніда Лаўрэша «Генерал Кіпрыян Кандратовіч: крэскі да жыцця».

Няшмат я ведаў і пра жыццёвы шлях аднаго з пачынальнікаў беларускага руху Антона Неканды-Трэпкі, а яшчэ менш — пра асяроддзе, з якога ён паходзіў (ну, хіба тое, што ён быў пляменнікам Янкі Лучыны). Цяпер і пра Антона Неканду-Трэпку я ведаю значна больш, бо ў тым самым выпуску альманаха «Асоба і час» змешчаны нарыс Ганны Запартыкі «Антон Люцыян Неканда-Трэпка: Старонкі жыцця».

Як вядома кнігалюбам і гісторыкам, летась выдавецтва «Лімарыус» выдала першы выпуск альманаха «Асоба і час». Меркавалася, што ён будзе выходзіць штогод. Аднак сёлета раней свет убачыў трэці — адмысловы — выпуск, прысвечаны сотым угодкам з дня нараджэння Ларысы Геніюш, а зусім нядаўна — другі, ардынарны выпуск.

Аўтары пішуць пра людзей, якія жылі і працавалі ў Беларусі ў даўні, новы і найнавейшы час. У альманаху ўдзяляецца таксама месца дзённікам, успамінам і ліставанню.

Калі першы выпуск альманаха адкрываўся прадмовай ад рэдакцыі, дык у другім выпуску ў якасці перадавога змешчаны артыкул архівісткі Вольгі Івановай «Асабістыя архівы беларускай нацыянальнай эліты ў канцы XVIII — пачатку XX стст.».

Калі ў першым выпуску ў рубрыцы «Водгулле стагоддзяў» Іван Саверчанка пісаў пра эпоху Жыгімонта Старога ў беларускіх хроніках, дык цяпер той самы аўтар адступіў у часе далей і напісаў пра імперыю Вітаўта Вялікага.

У гэтай рубрыцы мяне не магла не зацікавіць і публікацыя гісторыка Царквы, крыніцазнаўцы Дзяніса Лісейчыкава, які надрукаваў тастамент мітрапаліта Кіеўскага, Галіцкага і ўсяе Русі Іосіфа Вельяміна Руцкага. Каштоўнасць публікацыі ў тым, што раней быў вядомы няпоўны тэкст гэтага дакумента, напісаны да таго ж на лаціне. Цяпер гісторыкі маюць мажлівасць прачытаць поўны тэкст тастамента архіўладыкі Іосіфа IV на мове арыгіналу — старабеларускай.

Новыя рыскі да жыццяпісу Адама Багдановіча знойдзем у артыкуле Сямёна Букчына «Мой закадычный приятель…»: Максим Горький и Адам Богданович». А Таццяна Ільіна і Аляксандр Фядута пішуць пра аднаго з філаматаў — Вінцэнта Будрэвіча («Будрыс в Твери»).

Ведама, я не магу назваць усе матэрыялы, змешчаныя ў другім выпуску альманаха «Асоба і час», але мушу адзначыць, што ў раздзеле «Пачнём збіраць зярно к зярняці…» надрукаваны ў пэўным сэнсе сенсацыйны артыкул Лявона Юрэвіча «Чалавек, які трымаў у руках Месяц». У гэтым артыкуле апавядаецца пра доктара Аўгена Вярбіцкага — беларуса, які па вайне скончыў Тэхналагічны ўніверсітэт у Мюнхене, а потым апынуўся ў Злучаных Штатах. Гэты чалавек вырашаў праблему харчавання амерыканскіх вайскоўцаў у паходных і палявых умовах, калі нельга карыстацца звычайнай лядоўняй. І праблему харчавання астранаўтаў. У падзяку за гэта астранаўты падарылі яму дробны кавалачак Месяца. Выяўляецца, не толькі Барыс Кіт меў дачыненне да развіцця амерыканскае астранаўтыкі. Лявон Юрэвіч згадвае ў сваім артыкуле і іншых беларусаў, якія папрацавалі дзеля навукова-тэхнічнага прагрэсу ў ЗША.

Каб агляд быў больш поўны, трэба абавязкова адзначыць, што да рубрык «Водгулле стагоддзяў», «Абрысы дзён мінулых» і «Радаводнае дрэва» ў другім выпуску альманаха «Асоба і час» дадалася новая — «Юбілейнае». У гэтай рубрыцы Сяргей Харэўскі друкуе артыкул пра, бадай, самага выдатнага архітэктара СССР сталінскай эпохі Івана Жалтоўскага, Міхась Скобла публікуе ўспаміны і сваю ўжо даўнаватую гутарку з Максімам Лужаніным, а Сяргей Шапран — лісты і прысвячэнні Уладзіміра Караткевіча Рыгору Барадуліну.

Аб матэрыялах у рубрыцы «Пачнём збіраць зярно к зярняці…» я ўжо напісаў, але звяртаю на яе асаблівую ўвагу: як відаць з трох выпускаў, гэтыя словы Песняра могуць быць дэвізам альманаха «Асоба і час».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?