Воклічы Жырыноўскага ў бок Мілінкевіча ў Страсбуры яшчэ раз падцьвердзілі расейскае стаўленьне да ўсіх народаў былога Саюзу. «Разговаривай по-русски!» — равеў, як п’яны сярмяжнік, лідэр «лібэрал-дэмакратаў» у залі Рады Эўропы, калі адзіны кандыдат пачаў выступ па-француску. «Почему он не выступал на родном языке?» — абураўся Вольфавіч у кулюарах. Маўляў, глядзіце, як прыніжаецца і займаецца нізкапаклонствам беларускі апазыцыянэр. Нават на францускай загаварыў, каб падтрымалі. Але калі б нават Жырыноўскі меў на ўвазе беларускую мову, для большасьці беларусаў гэта было б непрымальна з культурнага гледзішча…. Культурныя адметнасьці дасюль падзяляюць народы і ёсьць пацьвярджэньнем іх самабытнасьці, доказам якой ёсьць мова.

Таму для расейцаў галоўным чыньнікам ёсьць нават не сама прысутнасьць (войска, грошай), як уплыў культуры. Бо расейская культура цягне за сабою мову, думкі, учынкі — і аб’яднаньне.

Па расейскім тэлебачаньні круцяць рэпартажы пра прыцясьненьні расейскамоўных у постсавецкіх краінах. Дзіўна, што дасюль не чуваць ні слова нараканьня на наша заканадаўства аб 75% беларускай музыкі ў FM-дыяпазоне. Які б вэрхал узьняўся б на расейскіх каналах, калі б латышы ці ўкраінцы прынялі б такі самы закон. Бо ўкраінская, літоўская ці грузінская музыка — зусім іншая культура, што трымаецца сваёй мовы.

Быццам бы адпускае старэйшы брат нас ад сваіх надакучлівых папсовых песень і кліпаў. Бо ня гэтулькі палохае выцясьненьне расейскай эстрады, як мова выкананьня. Але гэтае адпусканьне нічога ня вартае — «срэбраныя грамафоны» складаюцца на 95% з малпаваньня расейскай эстрады. Гэныя тутэйшыя выканаўцы ніколі не дасягнуць узроўню «Сяброў», чыю зорку на днях уляпілі ў маскоўкую «алею зорак».

Калькаваньне, асабліва чужой культуры, ніколі не прыносіла посьпеху. Такіх выканаўцаў па Расеі сотні ў кожнай губэрні, і далей раённых цэнтраў яны нікому не вядомыя.

Стацца знакамітымі па-за межамі здольныя толькі таленавітыя і адметныя. Найвыразьнейшай адметнасьцю ёсьць мова. Не раве ж той самы Жырыноўскі на канцэрце «Сяброў»: «Почему не по-нашему, не по-русски?»

Баранавічы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0