Падчас свайго візіту ў Менск, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі сустрэўся з выконваючай абавязкі кіраўніка непрызнанага ўладамі Беларусі Саюзу палякаў Анжалікай Арэхва.
Сустрэча адбылася ў будынку польскай амбасады.

Як паведаміў у размове з карэспандэнтам «НН» сябра Рады арганізацыі, Андрэй Пачобут, візіт спадара міністра Сікорскага ў Беларусь і сустрэчу з кіраўніцтвам СПБ у арганізацыі разглядаюць як пазітыўную з’яву. «Мы не ведаем, аб чым гаварылі міністры замежных спраў Польшчы і Нямеччыны з Лукашэнкам за закрытымі дзвярыма. Аднак на супольнай сустрэчы з журналістамі было адзначана, што справа нацыянальных меншасцяў у Беларусі, у тым ліку і стан СПБ, гэта не праблема толькі дзвюх краін, Польшчы і Беларусі, але праблема узаемных стасункаў Беларусі і ЕС. Аб гэтым гаварыў Гіда Вэстэрвэле і для нас важна, што Радаслаў Сікорскі змог вывесці праблему з правамі нацыянальных меншасцяў у Беларусі на узровень, вышэйшы, чым узровень адносін паміж дзвюма краінамі», — зазначыў спадар Пачобут.

Андрэй Пачобут, аднак, лічыць, што варта пачакаць рэальных вынікаў сустрэчы Вэстэрвэле і Сікорскага з Лукашэнкам. «Мы не ведаем, што абмяркоўвалася за зачыненымі дзвярыма, якія праблемы ўздымаліся і што было вынікам перамоваў, таму варта чакаць на рэальныя крокі з абодвух бакоў», — гаворыць А.Пачобут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?