Масква стала дэманізаваць афіцыйнага лідэра суседняй краіны. І гэта ёсьць сымптомам, што там раззлаваліся не на жарт. Не, гаворка зусім не пра Саакашвілі!..

Сёньня адзін маскоўскі палітоляг паведаміў падчас тэлефоннай размовы: Крэмль, маўляў, асабліва зачапіла тое, што Лукашэнка абрынуўся чарговы раз са сваімі філіпікамі (маецца на ўвазе прэсавая канфэрэнцыя 29 верасьня), скарыстаўшыся сытуацыяй канфлікту з Грузіяй.

Пра "здрадніцкі ўдар у сьпіну партнэра па саюзнай дзяржаве ў момант разгару расейска-грузінскага крызысу" цьвердзіць у сваім нашумелым артыкуле і расейскі аналітык Андрэй Суздальцаў.

Звыш таго, ён называе беларускага кіраўніка "выключна натурыстым нацыяналістам", абвінавачвае ў "каляніяльнай эксплюатацыі Расеі", а таксама робіць выснову, што, прапанаваўшы сумесныя праекты Аліеву, Лукашэнка фактычна надаў сваёй краіне ролю асацыяванага сябра ГУАМ.

Не прэтэндуючы на амплюа "адваката д'ябла", варта, аднак, зазначыць, што сабак навешалі аж занадта.

Напрыклад, падрыхтоўка прэсавых тураў для расейскіх правінцыйных журналістаў — клопат не аднаго дня. Цэлы шэраг арганізацыйных пытаньняў вырашаецца празь беларускую амбасаду ў Маскве. Трэба ж і кантынгент надзейны падабраць, і трансфэр забяспечыць, і г.д.

Карацей, піяр-акцыя з удзелам прадстаўнікоў расейскіх мэдыяў рыхтавалася задоўга да таго, як у Тбілісі ўвечары 27 верасьня арыштавалі афіцэраў ГРУ. Калі здарыўся гэты інцыдэнт, журналісты з суседняй краіны ўжо гасьцявалі ў нас і пасьпелі наведаць Аўгустоўскі канал, лідзкую "Лакафарбу" ды нейкі ўзорны каапэратыў.

Іначай кажучы, піяраўская стрэльба афіцыйнага Менска была зараджаная загадзя. Аляксандар Лукашэнка пэўна ж ведаў, што не абыдзецца без пытаньняў пра газ, канстытуцыйны акт, "тармажэньне саюзнага будаўніцтва" — і быў гатовы, мякка кажучы, выкласьці свой пункт погляду. Незалежна ад падзеяў у Тбілісі.

А вось да такога зыгзагу, як сяброўства ў ГУАМе, хай сабе і асацыяванае, беларускае кіраўніцтва маральна і нават мэнтальна не гатовае. Яно гуляе ў сваю гульню.

Крэмль жа ў дачыненьні да беларускага афіцыйнага лідэра пэўна ўключыў кансьпіралагічнае мысьленьне, звыклае для людзей са спэцслужбаў, што вядуць рэй у расейскай уладзе. Гульня становіцца рызыкоўнай.

Тое, што Масква закусіла губу, экспэрт Леанід Заіка тлумачыць так: "Лукашэнка ня выканаў распараджэньня Пуціна аб перадачы ўлады наступнаму кандыдату на прэзыдэнта...".

Між тым старшыня АГП Анатоль Лябедзька сьцьвярджае, што зараз, як ні парадаксальна, "акцыі апанэнтаў беларускага рэжыму падрасьлі ў цане". Бо, з аднаго боку, Крэмль пачне актыўна фармаваць тут сваю калёну, а зь іншага боку — Брусэль на імаверных перамовах з тутэйшай уладай паставіць умову хоць трохі аслабіць пятлю на шыі апазыцыі.

Дадамо, што лагадней ставіцца да яе (калі ня зараз, дык праз паўгоду-год) можа змусіць і пагаршэньне эканамічнае сытуацыі, калі энэрганосьбіты падаражэюць рэзка.

Увогуле ж, ня ўзважваючы слушнасьці пералічаных вэрсіяў, варта зазначыць, што сёньня, з нарастаньнем напружаньня ў дачыненьнях з Масквою, сьціскаецца спружына патэнцыйна моцных чыньнікаў узьдзеяньня на беларускую сытуацыю. Калі яна раптам распрастаецца, мы можам стаць сьведкамі цікавага і дынамічнага сюжэту.

P.S. Дарэчы, канфідэнцыйная крыніца ў Маскве паведаміла, што ў пэўных расейскіх колах пагаворваюць нават пра закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю — пад маркай абароны ад "кепскіх грузінаў". Як вам такі зыгзаг братняй інтэграцыі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?