3 лістапада, а 17 гадзіне Беларускі саюз мастакоў і Мінскі палац мастацтваў прэзентуюць выставу «Грунвальд».

Гэтая выстава цягам 2-х тыдняў будзе знаёміць наведвальнікаў з унікальнымі творамі, што праз 600-год пасля грандыёзнай перамогі польска-літоўска-беларускага войска над тэўтонцамі выяўляюць у сабе не толькі напамін пра слаўную дату, але і сведчанне годнай памяці пра адну з выдатнейшых старонак айчыннай гісторыі. Айчыннай! Таму што ў гэтай перамозе бралі чынны ўдзел нашы продкі. Адзін са шматлікіх прыкладаў пад час Грунвальдскай бітвы вызначыўся подзвігамі разам са сваёй дружынай і князь Андрэй з роду Заслаўскіх, які аб’яднаў і ўзначаліў Заслаўскую і Менскую харугвы (у Менску на той час не было князя). Гэтыя факты пазначаныя ў летапісах, а таксама пра гэта пісаў у сваіх кнігах пра Грунвальд Кастусь Тарасаў.

Гістарычная, вайскова-пераможная спадчына беларускага народа — асаблівая тэма для ўвасаблення ў творах сучаснымі мастакамі, бо ў сваю чаргу правакуе творцаў на мастакоўскія знаходкі і дасягненні ў аўтарскім засваенні гераічных старонак мінуўшчыны. Прыкладаў гэтаму нямала. Дастаткова прыгадаць

творы, прысвечаныя Грунвальду, Народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі «Грунвальдская бітва», выдатнага жывапісца Генрыха Ціхановіча «На бітву з крыжакамі» і «Вітаўт», таксама Ігара Лыскаўца «Пасля Грунвальду» і «Вітаўт — пераможца» ды габелен Мікалая Коласа «Вялікі князь Вітаўт», высокамастацкія графічныя творы Міхася Басалыгі «Грунвальдская бітва» і «Вітаўт Вялікі», твор-рэканструкцыя Віктара Сташчанюка «Крыжаносцы пад Наваградкам» і прысвечаны Вітаўту манументальны графічны аркуш Міколы Купавы
ды яшчэ вельмі шмат іншых.

Што ж прыгатавалі беларускія мастакі да красамоўнай даты перамогі над крыжакамі на гэты раз? Каб даведацца пра гэта, трэба наведаць мастацкую выстаўку «Грунвальд».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?