У часе Мінскага форума кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Уладзімір Макей так пракаментаваў прапанову еўрапейскіх міністраў аб выдзяленні Мінску трох мільярдаў еўра на працягу трох гадоў узамен за правядзенне свабодных выбараў:

«Мільярды дзеля мільярдаў, інвестыцыі дзеля інвестыцый нам непатрэбныя. Калі грошы будуць абстаўляць палітычнымі ўмовамі, то яны нам непатрэбныя».

Нагадаем, што 2 лістапада Мінск наведалі адразу два кіраўнікі МЗС краінаў Еўрасаюза. Вэстэрвэле й Сікорскі прыехалі ў Беларусь, каб давесці пазіцыю ЕС адносна выбараў.

«Калі Лукашэнка правядзе сумленныя выбары, Беларусь можа атрымаць ад ЕС 3 млрд еўра», — у лоб заявіў у Мінску міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

На чым грунтуюцца такія разлікі? Сікорскі адзначыў, што яны базуюцца на той дапамозе, што Еўрасаюз аказвае Малдове. Цягам двух гадоў гэтая постсавецкая краіна мусіць атрымаць 2 мільярды еўра. «А паколькі Беларусь большая краіна, то і дапамога мусіць быць большай», — зазначыў польскі дыпламат.

Крыніцамі атрымання гэтых фінансаў можа быць Міжнародны валютны фонд, Еўрапейскі інвестыцыйны банк, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, макракрэдыты.

«Гаворка пра якасць, а не вынік выбараў», — акцэнтаваў увагу Сікорскі.
Гэтыя словы паўтараліся ўвесь час.

«Прэзідэнт Беларусі нам сёння клятвенна паабяцаў, што выбары пройдуць сумленна. Мы паверылі яму на слова», — заявіў кіраўнік польскага замежнапалітычнага ведамства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?