Інфляцыя ў Беларусі па выніках 2010 года будзе знаходзіцца ў запланаваных межах. Пра гэта паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў.

«У нас, як правіла, мінімальная інфляцыя летам, да канца года яна крыху павышаецца, але гэта сезонныя ваганні. Да канца 2010 года мы падыдзем да прагнозных паказчыкаў. Інфляцыя будзе знаходзіцца ў запланаваных межах», — сказаў Андрэй Кабякоў.

На 2010 год інфляцыя запланавана на ўзроўні 8–10%. У крызісным 2009 годзе яна дасягнула 10,1:.

Тэмпы росту інфляцыі ў Беларусі ў бягучым годзе ў параўнанні з 2009 годам скараціліся. Так, у студзені-верасні інфляцыя склала 6,8% супраць 7,9% за аналагічны перыяд мінулага года. У верасні 2010 года гэты паказчык склаўся на ўзроўні 1,6%.

Таксама адзначаецца зніжэнне і такога паказчыка, як сярэднямесячны прырост індэкса спажывецкіх цэн. За 9 месяцаў 2010 года ён склаў 0,7% супраць 0,8% за аналагічны перыяд мінулага года.

У 2011 годзе інфляцыя прагназуецца на ўзроўні 7–8%. Гэта прадугледжана праектам Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2011 год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0