У гарадскім пасёлку Парычы Светлагорскага раёна 3 лістапада знойдзена масавае пахаванне нямецкіх салдат часоў Другой сусветнай вайны.

Як паведамілі ў пракуратуры Светлагорскага раёна, пошукавы батальён знайшоў астанкі 40 чалавек. Работы працягваюцца. Раскопкі вядуцца паміж двума домаўладаннямі, на месцы, дзе раней стаяла царква.

Пахаванне было праведзена нямецкай арміяй, як мяркуецца, пры адступленні ў 1944 годзе пасля жорсткіх баёў. Месца пахавання ўказалі мясцовыя жыхары, звесткі аб магіле значацца і ў архіўных матэрыялах. Згодна з дакументамі, у Парычах павінны быць пахаваны 65 нямецкіх салдат.

Пошукавы батальён знаходзіць імянныя жэтоны, многія з якіх добра захаваліся. Пасля знаходжання ўсіх астанкаў іх прадугледжваецца перапахаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?