Фота pressball.by

Фота pressball.by

БАТЭ ў матчы чацвёртага тура групавога турніра Лігі Еўропы перамог ціраспальскі «Шэрыф» з лікам 3:1. Перамога забяспечыла датэрміновы выхад з групы.

Нягледзячы на не самую прывабную шыльду постсавецкага процістаяння БАТЭ і «Шэрыфа», матч меў каласальнае значэнне, як для аднаго боку, так і для іншага. Беларусы маглі датэрмінова, за два туры да фінішу, забяспечыць сабе выхад з групы. А ціраспальцам хацелася даказаць, што пройгрыш двухтыднёвай даўніны быў выпадковасцю.

Надвор’е было футбольным. Як для пачатку лістапада, то ўвогуле шыкоўным. І людзей прыйшло дастаткова. Дзесьці тысяч пятнаццаць.

Аўдыторыя сведчыць, што ў выпадку будаўніцтва 13-тысячніка ў Барысаве, ён на матчах такога рангу будзе забівацца пад завязку.

Перад стадыёнам сустрэў лідара кампаніі «Гавары праўду» Уладзіміра Някляева з кіраўніком свайго штабу Андрэем Дзмітрыевым. Да іх падыходзіў намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Ну з такімі гледачамі на трыбунах прайграваць нельга :).

Як і ў Ціраспалі, БАТЭ зноў атрымалася хутка забіць. Гэта нядаўні юніёр Дзмітры Бага, які з прычыны траўмаў некаторых лідараў выйшаў у асноўным складзе, аддаў бліскучую перадачу на Віталя Радзівонава. Нападаючы не разгубіўся, адарваўся ад абаронцаў, перайграў варатара і з вострага вугла трапіў дакладна. Абаронцы «Шэрыфа» дагналі мяч, калі ён ужо перасёк стужачку.

Забілі гол, і нібыта спалохаліся гэтага. Так часта бывае з беларускімі камандамі. А вось малдаване пайшлі наперад. Адзін раз выратаваў Верамко. Але на 32-ой хвіліне нават наш брамнік быў бяссільны супраць удара галавой Ярохіна — 1:1.

Так першы тайм і скончыўся. У прынцыпе, лічбы былі заслужанымі.

Выглядае, што ключавы момант у сустрэчы адбыўся на 56-ай хвіліне, калі траўму атрымаў балгарскі галкіпер «Шэрыфа» Уладзіслаў Стаянаў. У барацьбе з нашым Сяргеем Сасноўскім ён траўмаваў руку. Потым трэнер гасцей Сасніцкі скажа, што ў варатара пералом.

На полі з’явіўся малады 19-гадовы дублёр Дзмітры Стажыла. Дзесьці якраз у гэты час на стадёнам замарасіў дождж. Трава стала слізкай. Адзін далёкі ўдар Стажыла адбіў перад сабой. Гэта нібыта знак — біць трэба болей і з розных дыстанцый.

На 70-ай хвіліне поспех прыйшоў да барысаўцаў. Радзівонаў пазмагаўся на другім паверсе, пасля чаго мяч адскочыў да Паўлава. Руды ў камандзе — на ўдачу. Паўлаў сёння ў чарговы раз гэта пацвердзіў. З ягоным ударам Стажыла не справіўся.

А праз пяць хвілін бліскуча рэалізаваў штрафны бразілец Рэнан Брэсан.
Эх, так і хочацца, каб хутчэй гэтага хлопца натуралізавалі, і далі магчымасць гуляць за беларускую зборную.
На куражы маглі забіць і яшчэ. Але дзеля справядлівасці скажам, што буйной паразы «Шэрыф» не заслугоўваў. Каманда ў Ціраспалі добрая. Проста канкрэтна ў гэты вечар БАТЭ быў мацней.

А з Кіева тым часам прыйшлі не менш прыемныя навіны. Былы беларус Арцём Мілеўскі забіў два галы ў вароты нідэрландскага АЗ. Перамога «Дынама» забяспечыла БАТЭ выхад з групы. Такога ў нас яшчэ не было.

Віктара Ганчарэнку на прэс-канферэнцыі сустракалі апладысментамі. «Мы зрабілі вялікую справу», — сказаў настаўнік. З ім немагчыма было не пагадзіцца. Які ўжо раз даводзіцца прамаўляць: «Брава, БАТЭ!».

***

БАТЭ: Верамко, Ліхтаровіч (Скавыш, 67), Сасноўскі, Шытаў, Юрэвіч, Бардачоў, Паўлаў (Валадзько, 72), Радзівонаў, Брэсан (Радзькоў, 81), Аляхновіч, Бага.

Становішча пасля 4-х тураў:

БАТЭ — 10 (3 перамогі, 1 нічыя, 0 паразаў, розніца мячоў: 10–4), Дынама — 7 (2, 1, 1, 6–5), AZ — 3 (1, 0, 3, 4 -9), Шэрыф — 3 (1, 0, 3, 4–6).

***

Ранейшыя матчы:

16 верасня: Дынама К — БАТЭ 2:2 (Мілеўскі, 34, Яроменка, 44; Радзівонаў, 3. Няхайчык 54), AZ — Шэрыф — 2:1

30 верасня: БАТЭ — AZ — 4:1 (Радзівонаў, 5, Канцавы, 48, Брэсан, 77-пенальці, Аляхновіч, 83; Сігтарсан, 89), Шэрыф — Дынама К — 2:0.

21 кастрычніка: Шэрыф — БАТЭ — 0:1 (Сасноўскі, 8), AZ — Дынама К — 1:2

2 снежня: БАТЭ — Дынама, Шэрыф — AZ

15 снежня: AZ — БАТЭ, Дынама — Шэрыф.

АГ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?