?

Старшыня Вышэйшага гаспадарчага суду падаў пратэст на рашэньне Менскага гарадзкога гаспадарчага суду аб лёсе будынку "Новага жыцьця". Пратэстанты спыняюць галадоўку

Галадоўка спыняецца да рашэньня Пленуму Вышэйшага гаспадарчага суду, які можа перагледзець рашэньне гарадзкога суду. Пост працягваецца, заявіў пастар Ганчарэнка.

Калі пытаньне ня будзе вырашана станоўча – акцыя адновіцца. Вернікаў папрасілі быць гатовымі да любога разьвіцьця падзеяў.

?

Першая перамога пратэстантаў-галадоўнікаў

Старшыня ВГС сп.Камянкоў прызнаў рашэньне Менгарсуду неадпаведным закону. Але законнасьць ці незаконнасьць рашэньня судзьдзі Карамышава яшчэ будзе разглядацца на пленуме ВГС. Ён склікаецца раз на тыдзень і мусіць вынесьці рашэньне цягам аднаго месяца.

Праўнік царквы «Новае жыцьцё» зазначае, што гэта першы крок улады насустрач вернікам, і спадзяецца, што пленум ВГС можа вынесьці сваё рашэньне ўжо на наступным скліканьні, каб цягам часу здароўе галадоўнікаў не пагаршалася.

Сёньня ж у будынку царквы адбылося першае паседжаньне Грамадзянскай рады для арганізацыі салідарных дзеяньняў (далей ГР). Гэтая Рада ставіць за мэту абарону правоў вернікаў. Сярод прысутных варта адзначыць мастака Алеся Марачкіна, журналіста Сяргея Харэўскага, філёзафа Алеся Анціпенку, прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў.

Вынікам рады сталіся чатыры заявы:

Першая заява да сродкаў масавай інфармацыі. Найперш гэта зварот да афіцыйных СМІ, якія замоўчваюць або скажаюць падзеі ў «Новым жыцьці». Да іх высунута патрабаваньне даць грамадзкасьць поўную і аб’ектыўную інфармацыі пра акцыю галадоўнікаў.

Адрасатам другой заявы стаўся Менгарвыканкам. Рада заклікала выправіць сытуацыю, скасаваўшы незаконную пастанову і паведамляючы шырокую грамадзкасьць пра хаду ды вынікі перамоваў.

Трэцюю заяву дасылаюць вернікам царквы. У ёй словы салідарнасьці і падтрымкі.

У чацьвертай заяве ўтрымліваецца зварот да прадстаўнікоў найбуйнейшых хрысьціянскіх канфэсіяў Беларусі, каб супольна дамагацца лібэралізацыі рэлігійнага заканадаўства.

Абвешчана таксама аб стварэньні працоўнай групы ў складзе рады.

Алесь Анціпенка і Сяргей Харэўскі заклікалі адкінуць эмоцыі і эўфарыю.

На нарадзе прысутнічалі пастары зь іншых цэркваў (напрыклад, пастар царквы Ісуса Хрыста сп.Чарнаглаз).

З прадстаўнікоў палітычных колаў прысутнічалі Аляксей Янукевіч, намесьнік старшыні партыі БНФ, і Аляксей Шэін, прадстаўнік Мілінкевіча і руху «За свабоду!».

?

Затрыманая ў чацьвер у гарвыканкаме жонка галадоўніка Ўладзімера Мацкевіча Сьвятлана ў пятніцу была пакараная штрафам – 5 базавых адзінак.

Судовае паседжаньне вёў судзьдзя Казак.

На суд прыйшло столькі людзей, што паўстала пытаньне памяшканьня, таму паседжаньне распачалося са спазьненьнем амаль на гадзіну. Урэшце пастанавілі разьмясьціць людзей у вялікай залі, разьлічанай на 60 чалавек (падтрымаць Сьвятлану Мацкевіч прыйшло блізка сотні чалавек).

З боку абвінавачаньня прысутнічалі чатыры міліцыянты-сьведкі, якія сьцьвярджалі, што спн.Мацкевіч пагражала застацца ў будынку Менгарвыканкаму да раніцы. Каб падмацаваць свае словы, міліцыянты прадэманстравалі відэазапіс, які, аднак, не пацьвердзіў іхніх словаў. З боку абароны былі заслуханыя пяць сьведкаў. Адзін са сьведкаў быў адхілены судом, бо не прысутнічаў на месцы падзеяў; гэта лекар, які мусіў патлумачыць прычыну знаходжаньня дэлегацыі ў Менгарвыканкаме (яны мусілі распавесьці пра стан здароўя галадоўнікаў і растлумачыць неабходнасьць скарэйшага вырашэньня пытаньня).

Адвакатка спн.Мацкевіч давяла, што міліцыянты, якія выцясьнялі дэлегатаў, дзейнічалі з парушэньнем заканадаўства: людзі ў цывільным не назваліся і не паказалі пасьведчаньняў. Зь яе словаў, жанчыны ў той момант чакалі на сустрэчу з чыноўнікам і амаль не размаўлялі (што і пацьвердзіў відэазапіс). Калі да іх прыйшлі дзьве жанчыны з аддзелу ў справах рэлігіі і загаварылі зь імі, зьявіліся людзі ў цывільным і пачалі выцясьняць дэлегатак вонкі. У гэты момант і была затрыманая спн.Мацкевіч.

?

2006-10-27, 17.45

Праўнік царквы Сяргей Луканін паведаміў, што мае інфармацыю пра адказ Гаспадарчага суду, які нібыта сёньня даслалі на адрас царквы. Падрабязнасьці будуць вядомыя празь некалькі гадзінаў.

?

Шпіталізаваныя шэсьць пратэстантаў-галадоўнікаў

Галадоўка эвангелістаў з «Новага жыцьця» перайшла ў драматычную стадыю. За апошнія суткі шпіталізаваныя шэсьць ўдзельнікаў акцыі пратэсту.

Стан здароўя галадоўнікаў выклікае ўсё большую занепакоенасьць. Мэдыкі прагназуюць, што ў хуткім часе могуць пачасьціцца выпадкі шпіталізацыі ўдзельнікаў акцыі, што знаходзяцца ў галадоўцы ад першых дзён.

За апошнія суткі шпіталізаваныя шэсьць ўдзельнікаў акцыі пратэсту. Дзьвюх жанчынаў, якім стала кепска ў царкве, у больніцы агледзелі і адпусьцілі, адзначыўшы, што ў іх добрыя аналізы і нішто не пагражае іхняму здароўю. Таксама дзьве жанчыны адмовіліся ад шпіталізацыі па сямейных абставінах. Большасьць шпіталізаваных – жанчыны, што трымалі галадоўку ад першага дня. Адна зь іх – маці чатырох дзяцей.

Родныя удзельнікаў галадоўкі ў чацьвер наведаліся ў Міністэрства аховы здароўя. Яны мелі сустрэчу з намесьнікам міністра па санэпідэмнаглядзе Міхаілам Рымшам. Родныя ўручылі заявы з патрабаваньнямі, сярод якіх – арганізацыя сталага назіраньня мэдыкаў і афіцыйнае прызнаньне акцыі царквы «Новае жыцьцё» галадоўкай. Ініцыятары візыту настойвалі на тым, каб чыноўнікі зрабілі ўсё магчымае, дзеля хутчэйшага вырашэньня канфлікту паміж уладамі і вернікамі.

26 кастрычніка была праведзенае клініка-лабараторнае абсьледваньне ўдзельнікаў акцыі «пост-галадоўка». Ім быў зроблены агульны і разгорнуты біяхімічны аналіз крыві. 30 чалавек, што галадалі больш за 2 тыдні, былі абсьледаваныя ў чацьвер у клініка-дыягнастычнай лябараторыі 9-й гарадзкой клінічнай больніцы.

Кіраўніцтва царквы падзякавала супрацоўнікам аддзяленьня і загадчыцы клініка-дыягнастычнай лябараторыі 9-й гарадзкой клінічнай больніцы за прафэсійнасьць і чуйнае стаўленьне да пацыентаў.

Па словах прэс-сакратаркі царквы Іны Давыдовіч, часта мэдыкі ня здольныя аказаць кваліфікаванай дапамогі галадоўнікам, бо ня маюць адпаведнага вопыту. «Яны прызнаюць, што гэты выпадак першы ў іхняй практыцы» – зазначае І. Давыдовіч. «Мы можам толькі здагадвацца, чаму жанчынаў, якім тут стала блага, не паклалі ў больніцу – ці гэта некампэтэнтнасьць, ці загад зьверху, ці ім сапраўды нічога не пагражала, у што слаба верыцца, улічваючы тыя тэрміны, што жанчыны правялі ў акцыі», – камэнтуе дзеяньні лекараў прэс-сакратарка.

Учорашні інцыдэнт, калі падчас спробы сваякоў галадоўнікаў пагутарыць з намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму М. Ціцянковым, была затрыманая Сьвятлана Мацкевіч, наводзіць на думку, што такім чынам улады хочуць пазбавіць пратэстуючых ілюзіяў наконт пазытыўнага вырашэньня іхняй праблемы. Як і ліст зь Менскага гарадзкога суду, у якім пастару царквы пагражаюць вялізарным штрафам.

Улады цягнуць час. Аднак і галадоўнікі ня маюць намеру здавацца. У пятніцу раніцай брыгада хуткай дапамогі агледзела траіх мужчынаў, што галадаюць ад пачатку. Па выніках агляду стан здароўя гэтых людзей быў ацэнены як здавальняючы і яны вырашылі працягваць галадоўку.

Па стане на пятніцу ў акцыі пратэсту ўдзельнічаюць 119 чалавек. Зь іх 33 стала знаходзяцца ў царкве, 49 галадаюць па-за царквой, у іншых гарадох акцыю падтрымліваюць 37 чалавек.

?

Хроніку акцыі ў «Новым жыцьці» глядзеце тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?