У вялізным інтэрвію спадар пасол сярод іншага расказаў пра беларуска-туркмэнскія падабенствы ў разуменьні дэмакратыі:

«Народ Туркмэністану і ягоныя сябры сустракаюць 15-ю гадавіну незалежнасьці ў абстаноўцы міру, стваральнай працы і адзінста. І такое становішча не задавальняе тых, хто любіць лавіць рыбку ў мутнай вадзе. Я ня памятаю аналягаў ня толькі на постсавецкай прасторы, але і ва ўсім сьвеце такому інстытуту народаўладзьдзя, як Халк Маслахты – Народная Рада. Гэта найвышэйшы орган народнай улады, яго дэлегатамі зьяўляюцца члены кабінэту міністраў, дэпутаты мэджлісу (парлямэнту), першыя асобы генгешлікаў (радаў) вёсак, раёнаў, гарадоў, абласьцей. Іх больш за 2500 чалавек. На Халк Маслахты, які праводзіцца ня толькі ў сталіцы, але і ў іншых гарадах, прымаюцца лёсавызначальныя для краіны рашэньні, такія як праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця да 2010 году, да 2020 году ды іншыя. Народныя зьезды, на якіх шырока прадстаўленыя найбольш годныя людзі каріны, як праява найвышэйшай ступені дэмакратыі, практыкуюцца і ў блізкай нам па духу Рэспубліцы Беларусі».

Пасол таксама акрэсьліў агульнасьць падыходаў да разуменьня «дэмакратыі» і «дыктатуры» ў дзьвюх краінах:

«Гэта што да “дыктатуры” і “недэмакратычнасьці”, пра якія любяць паразважаць нядобрасумленныя журналісты. Калі ж мы зьвернемся да практычных спраў ва ўсіх сфэрах чалавечага жыцьця, то ўбачым, што ад такой “дыктатуры” народу жывецца ня толькі матэрыяльна і духова значна лепей, чымсьці пры разгуле “дэмакратыі”, але і значна бясьпечней. Туркмэністан і Рэспубліка Беларусь – сувэрэнныя дзяржавы з шматвэктарнай зьнешняй палітыкай і сацыяльна-арыентаванай утутранай эканамічнай палітыкай. У гэтых дзяржавах інструкцыя да дзеяньня ўраду – дыктатура інтарэсаў народных мас, а ня купкі алігархаў-“прыхватызатараў”. Ні ў Туркмэністане, ні ў Беларусі не дазваляюць “прыхватызаваць” створаныя працай народу прадпрыемствы і нетры роднай зямлі, бо яны належаць усяму народу».

Расказаў Вяльджанаў і пра грандыёзныя пляны і дасягненьні туркмэнскага ладу, пра туркмэнскі «Дыснэйлэнд» і рукатворную туркмэнскую «Сьвіслач»:

«…Паляпшэньне ўмоваў жыцьця і павышэньне дабрабыту народу – вось сьціслая характарыстыка практычных спраў у Туркмэністане да 15-й гадавіны незележнасьці. Прывяду толькі некаторыя лічбы.

Рост ВУП ад пачатку 1995 году складае ад 18% да 22% штогод. Будуюцца дарогі, жыльлё, аб’екты фізычнага і маральнага аздараўленьня, тэатры, музэі, паркі адпачынку, мячэты, цэрквы і багата чаго іншага. Усе гэтыя аб’екты ўзводзяцца за кошт бюджэту, які фармуецца дзяржаўнай манаполіяй на нетры і галіны народнай гаспадаркі, якія зьяўляюцца станавым хрыбетам дзяржавы. У якасьці прыкладу грандыёзнасьці ня толькі плянаў, але і рэальных спраў магу інфармаваць чытачоў паважанага штотыднёвіка «7 дней», што напярэдадні 15-й гадавіны незалежнасьці Туркмэністану толькі ў Ашгабадзе будуць уведзеныя 44 новыя аб’екты. Асноўную іх частку складуць жылыя дамы павышанай камфортнасьці. Адкрыюцца найбуйнейшы ў рэгіёне аналяг “Дыснэйлэнду” пад назвай “Сьвет туркмэнскіх казак”, аквапарк, канатная дарога. Будуць уведзеныя новыя будынкі Нацыянальнай бібліятэкі, Культурнага цэнтру, Нацыянальнага моладзевага тэатру імя Алп Арслана, Палац шчасьця імя Героя Туркмэністану Гурбансалтан Ніязавай. Пра гэтую ўнікальную пабудову хацелася б сказаць асобна.

Сёлета ў сталіцы зьявілася 11-кілямэтровая рукатворная рака з гідрапаркам, якая перасякае ўвесь горад і ўражвае сваёй прыгажосьцю. Пра такую водную артэрыю туркмэны марылі даўно».

Цалкам аб’ёмістае інтэрвію з паслом Туркмэністану ў Беларусі Ільлём Вяльджанавым вы можаце прачытаць у газэце «7 дней» .

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0