Прызнаннямі ў каханні на асфальце цяжка кагосьці здзівіць. Гэта ўжо неад’емная частка гарадской культуры. Заўсёды хтосьці кагосьці кахае і хоча паведаміць пра свае пачуцці вялікімі літарамі на самым бачным месцы.

Надпіс на вуліцы Харужай «Марк, я люблю цябе. Алег», з аднога боку, адно з дзесяткаў падобных прызнанняў, нічым не лепшае і не горшае за іншыя. З другога, два мужчынскіх імені выклікаюць здзіўленне.

Ці насамрэч, геі ў нашай сталіцы не меней адкрытыя і смелыя ў сваіх прызнаннях за гетерасэксуалаў?

Каб разабрацца ў сітуацыі, мы пазванілі прадстаўніку ініцыятывы «Гей-Беларусь» Сяргею Прадзеду:

«НН»: Падобныя надпісы -- сапраўдныя прызнанні ў каханні геяў ці вашая акцыя?

СП: Гэта быў невялікі флэш-моб, прысвечаны Дню Камінг-аўта (ад англ. coming out — дзень добраахвотнага раскрыцця сваёй сексуальнай арыентацыі), які адбыўся яшчэ 11 кастрычніка.

«НН»: Вы вырашылі пераймаць вопыт палітычных графіці? Ці адкуль з’явілася такая ідэя?

СП: Не. Насамрэч усё пачалося з таго, што я пакінуў такі надпіс хлопцу, які мне падабаецца. І ён вельмі пакрыўдзіўся. Тады ў Дзень Камінг-аўтаў мы з сябрамі прыдумалі зрабіць шэраг падобных надпісаў з мужчынскімі і жаночымі імёнамі, каб паказаць, што ў гэтым няма нічога дрэннага.

«НН»: А чаму пакрыўдзіўся хлопец, якому ты прызнаўся ў каханні?

СП: Гэта непрыемная для мяне гісторыя. Ён перажываў, што адзіны з такім імём жыве ў гэтым пад’ездзе і надпіс могуць пабачыць бацькі ці суседзі. Астатнія надпісы ў асноўным прызначаны не канкрэтным асобам, а проста абраныя выпадковыя імёны.

«НН»: Дык у чым сэнс пісаць неіснуючым людзям прызнанні ў каханні?

СП: Каб паказаць людзям, што каханне можа быць розным.

«НН»: Вы не баіцеся, што пакрыўдзілі выпадковых Маркаў ці Алегаў, якія жывуць побач? Вы маглі стварыць для іх непажаданую рэпутацыю.

СП: Мы разумеем, што дрэнна ствараць выпадковым людзям рэпутацыю гея ці лесбіянкі. І мы не хацелі б, каб такое здарылася. Але я добра ведаю тэорыю верагоднасці. Гэта амаль немагчыма, каб менавіта ў гэтым месцы жыў чалавек менавіта з такім імём.

Па-другое, я спадзяюся, што нягледзячы, што гэта акцыя, людзі пабачаць надпісы і зразумеюць, што геі і лесбіянкі ў сваіх перажываннях такія ж, як і ўсе. Яны таксама дораць адзін аднаму кветкі, разам вешаюць замочкі на мастах і пакідаюць прызнанні на асфальце. Яны перажываюць тыя самыя трымценні ва ўзаемаадносінах, як любыя закаханыя.

«НН»: Гэта была адзінкавая акцыя ці будзе працяг?

СП: Мы плануем працягваць падобныя флэш-мобы. У першую чаргу таму, што некаторыя геі і лесбіянкі яшчэ самі не гатовыя да падобных прызнанняў. Мы мусім паказваць, што гэта таксама натуральна як Маня + Ваня = каханне. Кожны мае права прызнацца ў сваіх пачуццях і не баяцца непаразумення з прычыны сваёй сэксуальнай арыентацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?