Як чалавек разведзены, які ня робіць з дзіцём зарадку і наведвае з ім усялякія месцы нездаровага харчавання, задаюся ў святле магчымыга удасканалення беларускага заканадаўства пытаннем, а ці не адбяруць у мяне за гэта дзіцё? Ну мяне, канешне, можна пажурыць і расказаць аб карысці спорту і морквы. Можна так сама узгадаць пра тое, што дзіцю патрэбны бацька і каго-небудзь пасватаць… але каб забіраць за гэткія рэчы малога? Жарт? Недарэчнасць?

Заканадаўчыя органы так не лічаць, у іх усё сур’ёзна на паперы прапісана. А таму ніякіх жартаў!

З новага году ў сілу можа уступіць дэкрэт, у якім будуць прапісаныя абставіны, якія дазволяць забіраць у бацькоў дзяцей, пасля чаго нават не абавязкова будзе у суд на бацькоў падаваць на пазбаўленне бацькоўскіх правоў. http://www.belmarket.by/index.php?article=28507

Самае галоўнае, каб забраць дзіцё, зараз не трэба будзе чакаць рашэння суду. А значыць аб правах дзіцяці не будуць спрачацца і шукаць, як насамрэч лепш, ніякія юрысты і суддзі. Не будуць апытвацца сведкі і само дзіцё. Нехта з міліцэйскіх дзязькаў (заўважу, не самая адукаваная і прасунутая у педагогіцы і правах дзіцяці, як на мой погляд прафесія) прымае рашэнне сам, і дзіцё пазбаўляецца бацькоў (ці яны яго?) на доўгі, як для дзіцяці, час: да трох месяцаў.

З аднаго боку, гэткае рашэнне, магчыма, выратуе нейкаму дзіцёнкку здароў’е альбо жыццё, калі яно знаходзіцца ў сапраўды цяжкіх абставінах, калі нехта з бацькоў яго збівае альбо гвалціць… але, сярод іншага, у дадзеным дэкрэце прадугледжаныя іншыя пункты «ненадзейнасці» бацькоў, якія вельмі здзіўляюць.

Сярод ненадзейных — тыя, хто застаўся без працы, у каго фінансавыя цяжкасці, разведзеныя, альбо вельмі занятыя. А такім чынам хаця б пад адзін з пунктаў падпадаюць амаль 90 адсодкаў бацькоў, бо як мінімум палова разведзеныя, ды й альбо ў людзей напружана з грашыма, альбо яны вельмі круцяцца, каб нешта зарабіць, і аўтаматычна падпадаюць пад пункт «занятыя». Ці не так?

Ёсць таксама у дэкрэце пункт, у якім напісана пра тое, што маладзёнаў\дзяцей, якія састаяць у секце таксама могуць забраць у бацькоў. Не напісана «таталітарнай секце», значыцца, у прынцыпе, дачапіцца можна і да буддыстаў ці пратэстантаў.

Збянтэжанне выклікае і тое, што пад закон пападаюць дзеці

1) з сем’яў, дзе нехта цяжка хварэе (а што рабіць, калі ў бабулі рак, напрыклад?),

2) у бацькоў нізкі узровень адукацыі і працоўнай кваліфікацыі (як гэта адбіваецца на магчымасці любіць і клапаціцца аб сваіх дзецях, і хто будзе дыпломы правяраць?)

3) Непаўнагадовыя, якія пацярпелі ад аварыяў, катастрофаў і г.д. (наехала машына, зламаў нагу, адразу ў дзетдом, а да бацькоў лячыцца не пусцяць?)

4) няпоўнагадовыя, якія вядуць нездаровы лад жыцця. Ну, можна яшчэ ўявіць, калі наркотыкі… Але хіба і ў гэтым выпадку дзіцю ад залежнасці сярод любячых яго бацькоў не лягчэй лячыцца? А калі шырэй разумець «здаровы лад жыцця», то мо «ненадзейных» бацькоў з дзецьмі будуць адлоўліваць у Макдональдсе?

Апроч саміх недарэчных умоваў, больш за ўсё насцярожвае той факт, што для такіх сур’ёзных дзеянняў ужо не абавязковым будзе суд. І ў гэтым ёсць найвялікшая супярэчнасць з Канвенцыяй па правах дзіцяці, у якой сказана, што дзіцё няможна раздзяляць з бацькамі без іх жадання, акрамя тых выпадкаў, калі так будзе найлепш для дзіцяці па ПАСТАНОВЕ СУДОВАГА воргану. (Артыкул 9, пункт 1) У часе разбіральніцтва ўсё бакі маюць права прымаць удзел ў разбіральніцтве і адстойваць сваю пазыцыю (Арт.9, пункт 2).

Вой, каб гэты закон нам і нашым дзеткам упоперак горла не стаў, сябры!

Аўтарскі загаловак: «Правы дзіцяці на Беларусі і новыя законы»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?