Выступленне Тэатра кошак Юрыя Куклачова 11 лістапада ў канцэртнай зале «Віцебск» прайшло з аншлагам.

Асаблівае захапленне яно выклікала ў дзяцей, якім Куклачоў аб’явіў, што на канцэрце «можна свістаць, крычаць, шумець, рохкаць і мяўкаць».

Маленькія гледачы шчыра радаваліся і захапляліся, гледзячы на тое, як кошкі катаюцца на драўляным кані-качалцы, уключаюць і выключаюць патэфон, круцяць лапамі мяч, ходзяць па перакладзіне; як апладзіруе белы пудзель, як ён вядзе па сцэне цялежку з катамі і стракаты фургон з клоунам.

«Кошак мы не дрэсіруем, — патлумачыў дзецям Куклачоў. — Мы з імі гуляем, прыкмячаем у кошак іх здольнасці і дапамагаем іх развіць. Але вы, калі прыйдзеце дадому, не пачынайце адразу ж выхоўваць вашых катоў і сабачак. Іх трэба проста любіць».

Пасля канцэрта народны артыст РСФСР паведаміў журналістам, што задаволены сваім выступленнем у Віцебску і прыёмам мясцовай публікі. «Мне наогул у Беларусі падабаецца. Я даўно тут не быў і адчуў, што па Куклачову тут ужо засумавалі», — сказаў артыст.

Як аказалася, у Куклачова, які першым у СССР заняўся цыркавой працай з кошкамі, з Віцебскам звязаны асаблівыя ўспаміны.

«У Віцебску ў мяне ўпершыню сфарміраваўся нумар, дзе кошкі сядзяць за сталом, а адна умудраецца трапіць у каструлю (рондаль).

Гэта было ў 1972 годзе, я быў у вашым горадзе разам з цыркам-шапіто. Для гэтага нумара я пашыў кухарскі каўпак, а артысткай была кошка Стрэлка. З таго часу ўжо шмат гадоў паказваю гэты нумар з іншымі катамі», — падзяліўся Куклачоў.

На пытанне, як ён вызначае сваё творчае амплуа, кіраўнік Тэатра кошак адказаў:

«Я педагог. Артыст. А клоуны і камедыянты заўсёды пры ўсіх каралях і царах былі філосафамі».

Наконт сваёй выдатнай фізічнай формы 61-гадовы артыст зазначыў: «Клоун старым быць не можа. Грым — і ты малады. Я не п’ю, не куру, займаюся сістэмай дыхання па Бутэйку, сачу за здароўем». «Жонка ў мяне маладая — на год старэйшая за мяне. 40 гадоў мы з ёй разам. Але як яна выглядае! На сцэне бегае, як дзяўчынка», — сказаў артыст пра сваю спадарожніцу жыцця і артыстку Тэатра кошак Алену Куклачову.

Як паведаміў Куклачоў, разам са сваім малодшым сынам Уладзімірам ён паставіў новы нумар — балет з кошкамі. «Трэба паспрабаваць прывезці балет з кошкамі да вас на „Славянскі базар у Віцебску“. Гэта новае слова ў мастацтве, і, думаю, гэта спадабаецца вашым гледачам», — сказаў ён.

Плануецца, што 14 лістапада Тэатр кошак Юрыя Куклачова выступіць у беларускай сталіцы ў канцэртнай зале «Мінск» (13:00, 16:00, 19:00). Білеты ад 30 000 да 80 000.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?